Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унутраная палітыка Лукашэнкі: галоўнае — утрымаць уладу


На працягу 2024 году любыя праблемы ў краіне кіроўная эліта разглядала з гледзішча бясьпекі рэжыму. Аляксандар Лукашэнка паўсюль бачыў пагрозы для ўласнай улады.

І ўся палітыка грунтавалася ня столькі на вырашэньні актуальных задач і праблем, якія паўсталі перад краінай, колькі на нэўтралізацыі рэальных ці прыдуманых пагроз.

Сьцісла:

  • Галоўным фактарам, які ўплываў на ўнутраную палітыку Беларусі, быў так і не пераадолены «сындром 2020 году».
  • Унівэрсальны сродак нэўтралізацыі пагроз рэжым бачыў у выкарыстаньні гвалту.
  • У 2024 годзе ў Беларусі дзьве выбарчыя кампаніі. Пасьля 2020 году ўлады сталі ўспрымаць выбары як пагрозу, небясьпеку, узьнік страх перад выбарчым працэсам як такім.
  • Адбыліся значныя кадравыя перамены. Поўнасьцю заменена кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта. Зьявіліся новыя кіраўнікі ў МЗС, Міністэрстве інфармацыі. Гэта асобы маладзейшага пакаленьня.
  • Важным элемэнтам кансалідацыі рэжыму і нэўтралізацыі пагроз стала тэндэнцыя фармаваньня культу асобы Лукашэнкі. Калі наўкол суцэльныя пагрозы і небясьпекі, то само пытаньне пра транзыт улады проста адпадае.

Галоўным фактарам, які на працягу ўсяго 2024 году ўплываў на ўнутраную палітыку Беларусі, быў так і не пераадолены «сындром 2020 году». Траўма, атрыманая кіраўніцтвам дзяржавы ад тых падзей, аказалася такой глыбокай, што стварыла пэўны псыхалягічны комплекс. Гэта прывяло да таго, што любыя праблемы ў краіне кіроўная эліта разглядае з гледзішча бясьпекі рэжыму. Аляксандар Лукашэнка паўсюль бачыць пагрозы для ўласнай улады. І ўся палітыка грунтавалася ня столькі на вырашэньні актуальных задач і праблем, якія паўсталі перад краінай, колькі на нэўтралізацыі рэальных ці прыдуманых пагроз.

Ва ўладаў (асабліва ва ўрадзе) ёсьць разуменьне, што сілавое здушэньне пратэсту вельмі дорага абышлося краіне ва ўсіх сэнсах. Працягваюць дзейнічаць заходнія санкцыі. Насьпела дэмаграфічная праблема, абвастраецца недахоп працоўных рук, у тым ліку з прычыны масавай палітычнай эміграцыі. А колькасьць пэнсіянэраў расьце. Дзе браць грошы на пэнсіі?

Цяперашні эканамічны рост у значнай ступені забясьпечаны запытамі ВПК Расеі. А калі вайна неўзабаве скончыцца і пачнецца спад?

Аднак, як вядома, унівэрсальны сродак нэўтралізацыі пагроз рэжым бачыць у выкарыстаньні гвалту. У 2024 годзе працягвалася эвалюцыя аўтарытарнай сыстэмы ў таталітарную. Ня толькі ліквідавалі апазыцыю як інстытут, ня толькі разбурылі структуры грамадзянскай супольнасьці, але і забаранілі іншадумства як прынцып. Пабудавалі клясычную паліцэйскую дзяржаву. Сілавыя структуры сталі асноўным элемэнтам палітычнай сыстэмы. Праведзена татальная чыстка дзяржсэктара: адтуль працягваюць звальняць усіх неляяльных супрацоўнікаў. Маштабныя палітычныя рэпрэсіі ня толькі ня зьменшыліся, як шмат хто прагназаваў, а наадварот, павялічыліся.

Кансалідацыя рэжыму адбывалася на аснове ідэалягічнага канструкту «народнага адзінства». Што азначала аб’яднаньне прыхільнікаў Лукашэнкі, рэпрэсіі, маргіналізацыю ўсіх апанэнтаў, якія фактычна выводзіліся за межы паняцьця «народ».

У 2024 годзе ў Беларусі дзьве выбарчыя кампаніі. У студзені адбыліся выбары парлямэнту, мясцовых саветаў. Напрыканцы году адбываецца прэзыдэнцкая кампанія.

Ня дзіва, што пасьля 2020 году ўлады сталі ўспрымаць выбары як пагрозу, небясьпеку, узьнік страх перад выбарчым працэсам як такім. У Лукашэнкі слова «выбары» асацыюецца не з працэсам галасаваньня, а з рэвалюцыяй, дзяржаўным пераваротам. На розных нарадах ён маляваў сцэнары апазыцыі, накіраваныя на гвалтоўны захоп улады, менавіта ў зьвязку з выбарамі.

Калі выбары — гэта пагроза, небясьпека, то адзіны спосаб нэўтралізацыі пагрозы, які разумее, ведае і выкарыстоўвае рэжым, — гэта сілавы складнік. Цалкам натуральна, што ў межах такой лёгікі ўлады разглядаюць выбары як ваенную апэрацыю, разнавіднасьць вайны. На абарону выбарчага працэсу былі мабілізаваныя ўсе сілавыя структуры, нават армія, пажарнікі, нейкія ваенізаваныя дружыны.

Як ні дзіўна, Лукашэнка ўбачыў небясьпеку нават у такім рутынным працэсе, як кадравыя перамены. На пачатку году, 26 студзеня, падчас цырымоніі ўручэньня дыплёмаў дактароў навук і атэстатаў прафэсараў Лукашэнка загаварыў пра кіроўныя кадры. «Ідзе зьмена пакаленьняў, і нам бы тут не памыліцца», — заявіў ён. Разважаючы пра ролю Ўсебеларускага народнага сходу (УНС), Лукашэнка зазначыў: «Гэты орган павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў быць на варце, ён павінен бачыць, што адбываецца». Такім чынам, зьмена пакаленьняў у кадравай сфэры разглядаецца як пагроза.

З чаго б такія хваляваньні? Тут праблема больш глыбокая і сыстэмная. Лукашэнка разумее праблему захаваньня сваёй палітычнай спадчыны пасьля сыходу з палітыкі, які рана ці позна павінен адбыцца хаця б зь біялягічных прычын. Справа ў тым, што ў пэрсаналісцкай дыктатуры няма мэханізмаў пераходу ўлады пасьля сыходу ранейшага ўладара. І часьцей за ўсё гэты працэс транзыту выклікае палітычны крызіс, які можа паставіць пад пытаньне існаваньне дзейнага рэжыму. Таму Лукашэнка і прыдумаў штучную канструкцыю ў выглядзе УНС, які «павінен падчас пераходнага пэрыяду, зьмены пакаленьняў быць на варце».

У любым выпадку сытуацыя, калі гістарычны час кіраўніка пэрсаналісцкага рэжыму набліжаецца да канца, даволі небясьпечная для яго. Намэнклятура становіцца больш адважнай, статус «кульгавай качкі» стварае прастору калі не для змоў, то для сумневаў у нязьменнасьці спраў у краіне. У адказ зьяўляецца імкненьне гарантаваць сваю бясьпеку з дапамогай кадравых пераменаў. У 2024 годзе адбылася поўная замена кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта. Зьявіліся новыя кіраўнікі ў МЗС, Міністэрстве інфармацыі. Склад Палаты прадстаўнікоў памяняўся на 82%, чаго раней не было. Прыйшлі людзі маладзейшага пакаленьня. Лукашэнка лічыць, што калі прызначыць на высокую пасаду новага чалавека, то ён у знак удзячнасьці будзе больш ляяльны, чым старыя кадры.

Важным элемэнтам кансалідацыі рэжыму і нэўтралізацыі пагроз стала тэндэнцыя фармаваньня культу асобы Лукашэнкі. Упершыню ўрачыста адзначылі юбілей (30-годзьдзе) ягонага кіраваньня.

Калі наўкол суцэльныя пагрозы і небясьпекі, то само пытаньне пра транзыт улады проста адпадае. Бо інстытут правадыра — галоўны чыньнік захаваньня сацыяльна-палітычнага статус-кво. А правадыра немагчыма ні зьмяніць, ні замяніць, ні перапрызначыць. Таму хваласьпеў на адрас Лукашэнкі выконваў адразу некалькі функцый. У прыватнасьці, ён павінен быў загаіць траўму 2020 году. Таксама гэта стала кампэнсацыяй за вонкавы вобраз, зьмены ў якім быў вымушаны прызнаць сам Лукашэнка («я стаміўся»).

У 2024 годзе Лукашэнка вырашаў яшчэ адну праблему, якую раней сам жа і стварыў. Гэта пытаньне пра Ўсебеларускі народны сход. УНС задумваўся Лукашэнкам як элемэнт транзыту ўлады. Але паколькі ўладар перадумаў сыходзіць са сваёй пасады, то ўзьнікла праблема: што рабіць з УНС? Вырашылі пакуль «замарозіць», каб ня блытаўся пад нагамі. Але ў будучым існаваньне УНС можа стварыць рэжыму вялікія праблемы.

У новым годзе пагроз (рэальных ці прыдуманых) меней ня стане. Таму можна меркаваць, што ўсе сёлетнія трэнды будуць працягнутыя (магчыма, зь невялікімі карэкціроўкамі). Калі не адбудзецца важных геапалітычных перамен, то нас, хутчэй за ўсё, чакае яшчэ адзін «страчаны» год.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG