Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — Захад: калідор для магчымай нармалізацыі вельмі вузкі, — Казакевіч


Лукашэнка выступае перад мігрантамі падчас наведваньня транспартна-лягістычнага цэнтру "Брузгі" на беларуска-польскай мяжы ў Гарадзенскай вобласьці, 26 лістапада 2021 году
Лукашэнка выступае перад мігрантамі падчас наведваньня транспартна-лягістычнага цэнтру "Брузгі" на беларуска-польскай мяжы ў Гарадзенскай вобласьці, 26 лістапада 2021 году

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч ня бачыць падставаў для перагляду палітыкі адносна Беларусі з боку заходніх краінаў і разважае пра тое, на якім узроўні знаходзіцца беларускае пытаньне ў Вашынгтоне.

Сьцісла:

  • Аляксандар Лукашэнка ўсё больш успрымаецца ў сьвеце як падпарадкаваны, несамастойны суб’ект.
  • Не відаць прыкметаў таго, што для ЗША і Эўропы тэма адмены санкцыяў стала важнай і актуальнай.
  • Пакуль працягваецца расейска-ўкраінская вайна, «перагарнуць старонку» ў адносінах Беларусі з Захадам немагчыма.
  • Калідор для магчымага паляпшэньня адносінаў Менску і Захаду вельмі вузкі, прынамсі пакуль Беларусь падтрымлівае Расею ў яе агрэсіі супраць Украіны.
  • Інтарэс адміністрацыі Трампа да Беларусі будзе значна меншы, чым у адміністрацыі Байдэна.

— Якія ў 2024 годзе былі асноўныя тэндэнцыі ў адносінах афіцыйнага Менску з Захадам? Якія падзеі варта вылучыць? Ці прывялі яны да істотных зьменаў у гэтых стасунках?

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

— Стратэгічна ў гэтым годзе, які адыходзіць, нічога не зьмянілася. Замежнапалітычная ізаляцыя менскага рэжыму з боку заходніх краінаў працягваецца. Пры гэтым беларускае пытаньне застаецца на пэрыфэрыі ўвагі эўрапейскіх краін. Беларусь пераважна ўспрымаецца як нейкі дадатковы сюжэт на фоне расейска-ўкраінскай вайны.

Нягледзячы на спробы менскіх уладаў зьмяніць гэту сытуацыю, істотных зьменаў не адбылося. Мы назіралі некалькі трэкаў, на якіх Менск спрабаваў гуляць і прыцягваць да сябе ўвагу.

Першы трэк — розныя інфармацыйныя кампаніі палітычнага ціску, зьвязаныя перш за ўсё са зброяй. А таксама абвінавачваньне ў адрас Захаду ў эскаляцыі: адпаведна — заявы пра падрыхтоўку дзеяньняў у адказ. Тут нельга дакладна сказаць, наколькі ў гэтым беларускія ўлады былі самастойныя, а наколькі дзейнічалі разам з Крамлём. У любым выпадку мэта была ў радыкалізацыі, рытарычнай эскаляцыі.

Цяжка сказаць, наколькі гэта мела нейкі ўплыў на заходнія краіны. Паводле маіх назіраньняў, не асабліва. Большасьць заходніх экспэртаў і палітыкаў глядзяць на тое, што адбываецца ў Крамлі, на тое, што робіць Пуцін. А Аляксандар Лукашэнка ўсё больш успрымаецца як падпарадкаваны суб’ект.

Другі трэк быў зьвязаны з магчымым узнаўленьнем дыялёгу з Захадам, імкненьнем пачаць новую «нармалізацыю». Тут можна ўспомніць і вызваленьне палітвязьняў, і намёкі на тое, што Менск гатовы пачаць перамовы. Адпаведна, Захад павінен быў бы пайсьці на нейкія саступкі, найперш у справе санкцыяў. Трэба сказаць, што сярод палітычнай эміграцыі гэтая тэма выклікала вялікія дыскусіі, гэта нават зьмяніла пэўныя расклады ў дэмакратычных сілах.

Але пакуль не відаць прыкметаў таго, што для ЗША і Эўропы гэта тэма стала сапраўды важнай і актуальнай. Санкцыі не адмянялі, наадварот, уводзілі дадатковыя.

І трэці важны трэк — гэта міграцыйны крызіс. Летам гэтага году ён дасягнуў пэўнага піку, калі адбылося забойства польскага памежніка, і пасьля гэтага мы назіралі дээскаляцыю. Шмат у чым яна адбылася ад таго, што зьявіліся рэальныя пагрозы закрыцьця памежных пунктаў.

У цэлым, калі казаць стратэгічна, то ня варта чакаць істотных зьменаў у стасунках Эўропы і афіцыйнага Менску, пакуль ня зьявіцца нейкай дынамікі ў расейска-ўкраінскай вайне. Няма ніякіх зьменаў і ва ўнутранай палітыцы ў Беларусі — рэпрэсіі працягваюцца, правы чалавека парушаюцца. Адпаведна, няма ніякіх падставаў для перагляду палітыкі адносна Беларусі з боку заходніх краін.

— Але ў Менску зь нейкіх прычынаў спадзяюцца «перагарнуць старонку» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у студзені. Таксама з розных бакоў гучаць меркаваньні, што пасьля выбараў могуць зьменшыцца рэпрэсіі. Ці ёсьць падставы для такіх чаканьняў? Што можа зьмяніцца пасьля таго, як Лукашэнка пачне адлічваць свой новы прэзыдэнцкі тэрмін?

— Пакуль працягваецца расейска-ўкраінская вайна, «перагарнуць старонку» будзе немагчыма. Калідор для магчымага паляпшэньня адносінаў для Менску вельмі вузкі, прынамсі пакуль рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расею ў яе агрэсіі супраць Украіны.

Ці можна чакаць чагосьці новага пасьля выбараў? Моцных прыкметаў гэтага я ня бачу. Так, прадстаўнікі ўлады кажуць, што пасьля выбараў будзе замацаваная новая палітычная сыстэма і можна будзе крыху «расслабіцца». Але мне здаецца, у вялікім маштабе гэтага ня будзе — менавіта таму, што працягваецца вайна.

Таму сам калідор для магчымай «нармалізацыі» вельмі вузкі. Большасьць санкцыяў уведзеныя за тыя крокі, якія немагчыма адмяніць або выправіць бяз выхаду з саюзьніцкіх адносінаў з Расеяй. А тыя рэчы, якія можна абмяркоўваць, занадта малыя, улады ня бачаць неабходнасьці ісьці ў іх на кампраміс (напрыклад, спыненьне рэпрэсіяў). Яны ўжо пабудавалі новую сыстэму, зьнялі ўсе праблемы з выбарамі і апазыцыяй — здаецца, ім падабаецца, як гэта працуе. Калі адмяніць рэпрэсіі, пратэсты і нестабільнасьць могуць зноў зьявіцца.

Нават ня так і важна, чаго хочуць беларускія ўлады. Але зь вялікай ступеньню імавернасьці яны проста не наважацца нічога мяняць, бо многія выклікі і рызыкі ня зьменяцца. Выбарчая кампанія тут нічога не мяняе.

— А як Захад ставіцца зараз да беларускай дэмакратычнай супольнасьці? Ці ня зьменшыцца падтрымка, асабліва з гледзішча таго, што «кадэнцыя» Сьвятланы Ціханоўскай заканчваецца ў 2025 годзе і гэта можа актуалізаваць пытаньне яе паўнамоцтваў.

— Час ідзе і цікавасьць да беларускай дэмакратычнай супольнасьці не павялічваецца: хаця б таму, што няма ніякіх істотных інфармацыйных нагодаў, няма ніякіх «перамог». І няма ўпэўненасьці, што гэтая падтрымка будзе мець рэальны ўплыў на сытуацыю ў краіне. Таму пэўнага зьніжэньня цікавасьці і розных фарматаў падтрымкі можна чакаць.

Але я б не чакаў нейкіх радыкальных зьменаў, прынамсі налета. Бо такія рэчы плянуюцца ў эўрапейскіх структурах на гады наперад. Асноўныя праграмы падтрымкі будуць працягваць дзейнічаць. Па вялікім рахунку, гэта вельмі невялікія сумы, кроплі ў параўнаньні з тым, што выдаткоўваецца на іншыя рэгіёны.

Ёсьць кансэнсус, што варта дапамагаць беларускім дэмакратычным сілам. У пэўным сэнсе з гэтай дапамогай стала нават прасьцей, бо многія яе атрымальнікі знаходзяцца ў краінах Эўропы. А значыць, гэтыя грошы і застаюцца ўнутры Эўразьвязу. Напрыклад, адукацыйныя праграмы, стыпэндыі — частка грошай ідзе на пакрыцьцё выдаткаў на адукацыю і застаецца ў эўрапейскім унівэрсытэце, а частка ідзе на стыпэндыі студэнтам, якія трацяць іх пераважна ўнутры краінаў Эўразьязу. Думаю, у такім фармаце гэта і застанецца.

— Ці можна чакаць пераменаў у стаўленьні да беларускага пытаньня пры новай адміністрацыі ЗША, прэзыдэнцтве Дональда Трампа? Ці гэта стаўленьне будзе пераважна зьвязанае з вынікамі расейска-ўкраінскай вайны?

— Мне здаецца, што інтарэс адміністрацыі Трампа да Беларусі будзе значна меншы, чым у адміністрацыі Байдэна. Тэма дэмакратычных каштоўнасьцяў, пратэстаў у Беларусі — гэта тое, што мела рэзананс пераважна сярод лібэральных мэдыя, блізкіх да Дэмакратычнай партыі.

Пры гэтым ёсьць небясьпека, што ў адміністрацыі Трампа можа запанаваць прагматычны падыход: маўляў, трэба дамаўляцца з той асобай, якая ўсё вырашае. А ня з тымі, хто не зьяўляецца самастойнымі суб’ектамі. Так што магчыма, што Лукашэнку Вашынгтон будзе разглядаць менавіта ў такім аспэкце — як другаснага актара, на якога можна не зьвяртаць увагі.

Ці зьнізіцца падтрымка дэмакратычных сілаў з боку Вашынгтона? Магчымыя варыянты. Плянаваньне такіх пытаньняў робіцца загадзя, пэўныя праграмы могуць быць скарочаныя.

Трэба разумець, што беларускае пытаньне — на сёньня гэта пытаньне ў лепшым выпадку чыноўніка сярэдняга ўзроўню Дзярждэпартамэнту. Відавочна, што адзін з намераў Трампа — скарачэньне рознага кшталту замежнай дапамогі ва ўсім сьвеце, і гэтага можна чакаць на самых розных узроўнях. Але тыя фінансы, якія выдаткоўваюцца на Беларусь — гэта мінімальныя грошы ў параўнаньні з тым, што выдаткоўваецца на Ўкраіну ці іншыя рэгіёны.

Таму цалкам можа быць, што ніякага скарачэньня не адбудзецца, калі ў Дзярждэпартамэнце і Кангрэсе будзе пасьпяховае лабіяваньне беларускага пытаньня. Аднак, хутчэй за ўсё, дынаміка будзе нэгатыўная. Пытаньне толькі ў тым, наколькі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG