Пра тое, што борт падбіла расейская ракета, з спасылкай на крыніцы ва ўрадзе пішуць Euronews і Anadolu Agency. Агенцыя Reuters спасылаецца на чатыры крыніцы ў Азэрбайджане, знаёмыя з ходам расьсьледаваньня. Таксама пра гэта паведамляе выданьне Caliber.Az, якое зьвязваюць з азэрбайджанскімі ўладамі.
Прычыны трагедыі высьвятляюцца.
Euronews паведаміў, што самалёт быў зьбіты расейскай ракетай клясы «зямля-паветра». Адзначаецца, што ракету выпусьцілі пры спробах пасадзіць самалёт у Грозным, дзе ў гэты момант адбівалі атаку бесьпілётнікаў. Яна выбухнула побач з самалётам, аскепкі пашкодзілі борт.
Урадавыя крыніцы паведамілі Euronews, што пашкоджанаму самалёту не дазволілі прызямліцца ў ніводным з расейскіх аэрапортаў, нягледзячы на просьбы пілётаў аб аварыйнай пасадцы, і яму было загадана ляцець праз Касьпійскае мора ў напрамку Актаў у Казахстане.
Як піша Associated Press, фірма па авіяцыйнай бясьпецы Osprey Flight Solutions папярэдзіла сваіх кліентаў, што «рэйс Azerbaijan Airlines, верагодна, быў зьбіты расейскай вайсковай сыстэмай СПА». Osprey дае аналіз для перавозчыкаў, якія ўсё яшчэ лятаюць у Расею: заходнія авіякампаніі падчас вайны спынілі свае палёты.
Высокапастаўленыя азэрбайджанскія чыноўнікі пацьвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines зьбіла расейская сыстэма супрацьпаветранай абароны, таксама і інфармацыйнаму агенцтву Anadolu.
Паводле дадзеных Caliber.Az, самалёт Azerbaijan Airlines быў падбіты над Грозным сыстэмай расейскіх СПА «Панцирь-С1».
На борце самалёта Azerbaijan Airlines, які пацярпеў крушэньне на захадзе Казахстану раніцай 25 сьнежня, было 62 пасажыры і пяць членаў экіпажа. Паводле апошніх зьвестак, зь іх выжылі 32 чалавекі, 11 пацярпелых у цяжкім стане.
Афіцыйнай вэрсіі прычын катастрофы пакуль няма, ідзе расьсьледаваньне. Сярод вэрсій, якія называлі розныя ведамствы і крыніцы СМІ, — сутыкненьне з чарадой птушак, выбух кіслароднага балёна на борце, тэхнічная няспраўнасьць. Увечары 25 сьнежня стала вядома, што знайшлі «чорную скрыню».
Борт накіроўваўся з Баку ў Грозны. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ужо падчас зьніжэньня ён быў перанакіраваны на запасны аэрадром у Махачкалу з прычыны моцнага туману над сталіцай Чачэніі. Але рэальнай прычынай зьмены курсу магла стаць атака ўкраінскіх бесьпілётнікаў.
Улады Расеі, Азэрбайджану і Казахстану афіцыйна не камэнтуюць прычыны, дзеля якіх самалёт пацярпеў крушэньне.
Форум