Азэрбайджанскі авіяляйнэр Embraer разьбіўся ў горадзе Актаў у Казахстане. Міністэрства надзвычайных сытуацый Казахстану паведамляе, што 42 чалавекі, праўдападобна, загінулі.
Самалёт падаў сыгнал надзвычайнай сытуацыі, калі ляцеў над Касьпійскім морам. Паводле папярэдніх зьвестак, з-за туману ў Грозным самалёт быў перанакіраваны ў Махачкалу, а затым у Актаў.
Азэрбайджанскія Telegram-каналы апублікавалі відэа задняй часткі пасажырскага самалёту. У хвасьце шмат дзірак. Пра іх паходжаньне спрачаюцца, але дакладнай інфармацыі няма.
Стан сямі пацярпелых ацэньваецца як цяжкі. У актаўскіх каналах публікуюць аб’явы з заклікам здаць кроў для тых, хто атрымаў траўмы. У Сеціве распаўсюджваюцца фатаграфіі і відэа з чаргой у цэнтры крыві ў Актаў.
Паводле інфармацыі МНС Азэрбайджану, на якую спасылаецца казаская служба Радыё Свабода, усе пяць членаў экіпажу загінулі.
Ёсьць і тыя, хто выжыў. Лічбы, якія падаюць розныя сродкі масавай інфармацыі, пакуль адрозьніваюцца. Чакае пацьверджаньне і ўдакладненьне з афіцыйных крыніц. Ратавальнікі праводзяць тэрміновую эвакуацыю тых, хто выжыў. Спачатку была інфармацыя пра 12 такіх чалавек, цяпер вядома пра 29, лічбу пацьвердзіла Міністэрства здароўя Казахстану.
Самалёт Embraer 190 зьдзейсьніў вымушаную пасадку ў аэрапорце Актаў, паведамілі ў авіякампаніі Azerbaijan Airlines. Ён кіраваўся з Баку ў Грозны. У кампаніі назвалі папярэднюю прычыну трагедыі: самалёт сутыкнуўся з чарадою птушак.
Улады Казахстану паведамляюць, што на месцы здарэньня працуюць больш за 50 ратавальнікаў, якія патушылі пажар на месцы крушэньня.
На борце былі 67 пасажыраў і пяць членаў экіпажу.
Міністэрства транспарту Казахстану паведаміла, што, паводле папярэдніх зьвестак, у самалёце ляцелі 37 грамадзян Азэрбайджану, шэсьць грамадзян Казахстану, тры — Кіргізстану, 16 — Расеі.
З ініцыятывы прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева створана дзяржаўная камісія для расьсьледаваньня здарэньня, якую ўзначаліць віцэ-прэм'ер Канат Базумбаеў. У Азэрбайджане дзень 26 сьнежня абвясьцілі днём жалобы па ахвярах трагедыі.
Форум