Асноўныя навацыі закону пачнуць працаваць з 1 студзеня 2025 году. Пастанова апублікаваная на pravo.by.
Зьмяненьні пераважна закрануць дапамогу па цяжарнасьці і родах. З разьліку бальнічнага выключаць пэрыяды догляду за дзіцем, малодшым за тры гады. Гэта адбудзецца, калі водпуск па догляду за ім перапыніцца з прычыны ліквідацыі працадаўцы. Паводле слоў прадстаўнікоў Міністэрства працы, з гэтай прычыны павялічыцца памер дапамог па цяжарнасьці і родах, а таксама па часовай непрацаздольнасьці па догляду за дзіцем.
Таксама зьменяцца правілы разьліку памеру дапамогі для людзей, якія працуюць па грамадзянска-прававых дамовах. Напрыклад, памер дапамогі будуць лічыць на падставе зьвестак пэрсаніфікаванага ўліку, зыходзячы з памеру сярэднядзённага ўзнагароджаньня, адлюстраванага да месяца ўзьнікненьня права на дапамогу.
З 1 студзеня 2025 году ў поўнай сям'і, калі аднаго з бацькоў прызнаюць абмежавана дзеяздольным або ён ня зможа выконваць свае бацькоўскія абавязкі па хваробе, дапамогу на дзяцей зможа атрымаць іншы з бацькоў безь зьмяненьня месца выплаты.
Акрамя гэтага, з новага году камісіі па прызначэньні дапамог змогуць прасіць больш дакумэнтаў для прыняцьця рашэньняў па прызначэньні дапамог па доглядзе за дзіцем ва ўзросьце да трох гадоў або дзіцем-інвалідам ва ўзросьце да 18 гадоў.
Пастанова ўдакладняе дакумэнты, па якіх дзеці, народжаныя па-за шлюбам, будуць улічвацца ў сям'і маці. Яны ўлічваюцца там, калі пагадненьнем аб дзецях, пагадненьнем аб утрыманьні непаўналетніх дзяцей або судовай пастановай ня будзе ўстаноўлена іншае.
Таксама зьмены закрануць парадак прыпыненьня самастойнай дзейнасьці для догляду дзяцей да трох гадоў. Адвакаты змогуць зрабіць паўзу ў працы па рашэньні тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.
Што ж тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і рамесьнікаў, а таксама людзей са сфэры аграэкатурызму, то для іх парадак прыпыненьня і аднаўленьня дзейнасьці не мяняецца.
Форум