Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў з Калядамі


Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Архіўнае фота
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Архіўнае фота

«Не пакідайце веры ў будучыню! Толькі вера, што кашмар ня вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы».

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Калядамі.

«Не пакідайце веры ў будучыню! Толькі вера, што кашмар ня вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы, у якой і нам будзе дадзена „людзьмі звацца“! Прыгожа кажа пра гэта наш Васіль Быкаў: без спадзеву на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю – у гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця. А мне ўжо восемдзесят гадоў гэты спадзеў памагае жыць», — адзначаецца ў віншаваньні Івонкі Сурвілы.

Старшыня Рады БНР заклікала тых, хто быў вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну, памятаць аб сваім паходжаньні.

«Якая б ні была цяжкая эмігранцкая доля, памятайце пра зямлю сваіх продкаў. Так доўга, як будзеце адчуваць сваю прыналежнасьць да яе, ніякія цяжкасьці вас не перамогуць, бо будзеце ведаць, што ёсьць на гэтай зямлі ваш родны кут, і нават у гэты нялюдзкі час, калі пагражае яму вялікая небясьпека, ён усё ж толькі ваш і заўсёды будзе толькі ваш», — перакананая Івонка Сурвіла.

Паводле яе, цяпер Беларусі пагражае вялікая небясьпека, і яе трэба «абараніць ад бандытаў, якія толькі і чакаюць на магчымасьць яе прысвоіць».

«Але я веру, што наш народ не дапусьціць гэтага. Ён замоцна прывязаны да сваёй зямлі, замоцна яе любіць. Я моцна веру, што наш народ здольны адрадзіць у цэнтры Эўропы нашую ўласную — ветлую і заможную — краіну, якую будзем пакідаць толькі, калі захочацца пабачыць рэшту сьвету, але куды будзем абавязкова вяртацца, калі скончым падарожнічаць», — дадала яна.

Старшыня Рады БНР заклікала ўсіх разам памаліцца ў гэты Калядны вечар за Бацькаўшчыну. «Памолімся зь верай, што „Ўладар вялікіх сонцаў і сэрц малых“ нас пачуе! Жадаю вам утульных Калядаў! Жыве Беларусь!», — сказала Івонка Сурвіла.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG