Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саламэ Зурабішвілі запатрабавала прызначыць новыя парлямэнцкія выбары ў Грузіі і яшчэ раз адмовілася пакінуць пасаду


Саломэ Зурабішвілі ў час выступу на пратэсьце, 22 сьнежня, Тбілісі
Саломэ Зурабішвілі ў час выступу на пратэсьце, 22 сьнежня, Тбілісі

Прэзыдэнтка Грузіі настойвае, што новыя выбары маюць быць прызначаныя на 29 сьнежня, апошні дзень ейнай кадэнцыі.

22 сьнежня прэзыдэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі прыйшла на мітынг на праспэкце Руставэлі і выступіла перад удзельнікамі.

«Я застаюся вернай краіне, Канстытуцыі, на якой я прынесла прысягу 6 гадоў таму. Гэта Канстытуцыя, якую растапталі, але яна стаіць, як стаіць і Грузія. Я магу толькі працягваць заставацца ёй вернай. Я верная і буду адданай гэтаму народу, які тут стаіць, але ня толькі гэтым людзям, якія тут стаяць, хай ніхто ня думае, што я не прэзыдэнт усіх. Я ёсьць і буду!» — заявіла Саламэ Зурабішвілі. Яе словы прыводзіць грузінская служба Свабоды.

Пры гэтым невядомыя людзі ў чорным, падобна, зьвязаныя з партыяй «Грузінская мара», актыўна заміналі выступу. Яны перашкаджалі Зурабішвілі яшчэ перад сцэнай, а затым скруцілі мікрафоны. Прэзыдэнтцы давялося выступіць з мэгафонам. Але яна паабяцала запісаць сваю прамову пазьней у прэзыдэнцкім палацы і апублікаваць у сеціве, каб кожны грузін мог паслухаць яе.

Раней Саламэ Зурабішвілі адмовілася пакідаць пасаду прэзыдэнта краіны, бо не прызнае новага ўраду краіны і вінаваціць яго ў фальсыфікацыі выбараў.

Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў, што прэзыдэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі павінна пакінуць сваю пасаду 29 сьнежня, калі заканчваецца тэрмін яе паўнамоцтваў. Ён прыгразіў ёй турмой, калі яна гэтага ня зробіць.

Акцыі пратэсту ў Тбілісі і па ўсёй Грузіі пачаліся пасьля таго, як вечарам 28 лістапада прэм’ер-міністар Кабахідзэ аб’явіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ. Паводле яго, Тбілісі адкладзе пачатак перамоваў з Эўразьвязам да канца 2028 году, а да 2030 году далучыцца да ЭЗ. Кабахідзэ патлумачыў гэтае рашэньне абразьлівым для Грузіі «шантажом» з боку некаторых эўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў.

Раней апазыцыя заявіла пра маштабнае фальшаваньне вынікаў парлямэнцкіх выбараў у краіне на карысьць партыі «Грузінская мара». Апазыцыя называе гэтае ўтварэньне прарасейскім. Палітычная рыторыка «Грузінскай мары» апошнім часам стала яшчэ больш антызаходняй.

  • 14 сьнежня калегія электараў выбрала прэзыдэнтам Грузіі былога футбаліста Міхаіла Кавэлашвілі, з чым яго павіншаваў Аляксандар Лукашэнка. Кавэлашвілі быў адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта, яго вылучыла кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара», якую ЦВК Грузіі абвясьціў пераможцам на спрэчных парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2024 году. Упершыню за час незалежнасьці Грузіі прэзыдэнта выбіралі не ўсеагульным галасаваньнем, а праз калегію электараў.
  • Інаўгурацыя Кавэлашвілі прызначаная на 29 сьнежня. Цяперашняя прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, чые паўнамоцтвы заканчваюцца 16 сьнежня, назвала выбары «пародыяй і правакацыяй» і адмовілася складаць паўнамоцтвы да правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў у Грузіі. Вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў кастрычніку, Зурабішвілі, як і апазыцыйныя партыі Грузіі, лічыць нелегітымнымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG