Латвія ўвяла абмежаваньні на ўвоз паліва для грузавога транспарту пры ўезьдзе з трэціх краін, паведаміла Літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў «Лінава» са спасылкай на МЗС Латвіі. Абмежаваньні тычацца і транспарту зь Беларусі.
«З 1 студзеня 2025 году бак транспарту, які ўяжджае ў Латвію, ня можа зьмяшчаць больш за 200 літраў паліва. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на камэрцыйныя транспартныя сродкі, якія ўяжджаюць у Латвійскую Рэспубліку з трэціх краін», — гаворыцца ў паведамленьні.
З 16 ліпеня Латвія забараніла заезд на сваю тэрыторыю легкавых аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі праз памежныя пункты пропуску. Такую ж меру, хоць і з агаворкамі, з 18 ліпеня прыняла Літва, а ўсьлед за імі і Эстонія. Прычына забароны — нядаўняе ўзмацненьне Эўразьвязам санкцыяў супраць Беларусі, што, сярод іншага, уключае ў сябе забарону на ўвоз у ЭЗ аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі.
Забарона на ўезд у Латвію легкавых аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі не распаўсюджваецца на транспартныя сродкі, прызначаныя для выкарыстаньня дыпляматычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі.
Любой аўтатранспартнай кампаніі, створанай у Беларусі, забаронена ажыцьцяўляць аўтамабільныя перавозкі грузаў, у тым ліку транзытныя, па тэрыторыі Эўразьвязу. З 1 ліпеня 2024 году таксама дзейнічае забарона на перавозкі грузаў па тэрыторыі Эўразьвязу, якія ажыцьцяўляюцца аўтатранспартнымі кампаніямі з выкарыстаньнем прычэпаў або паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, у тым ліку калі цягачы гэтых прычэпаў або паўпрычэпаў зарэгістраваныя ў іншых краінах.
Форум