Бэльгійская зямля Фляндрыя выдзеліць 100 тысяч эўра на падтрымку беларускіх журналістаў у выгнаньні, інфармуе Belga News Agency са спасылкай на міністра-прэзыдэнта гэтага рэгіёну Бэльгіі Матыяса Дыпэндалэ.
«Свабодныя і незалежныя СМІ жыцьцёва важныя для абароны дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэтай падтрымкай Фляндрыя дапамагае журналістам, якія, знаходзячыся пад велізарным ціскам, працягваюць працаваць над аб’ектыўным і надзейным асьвятленьнем падзей», — заявіў Дыпэндалэ.
Палітык сустрэўся зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай у Брусэлі ў рамках Дзён Беларусі — эўрапейскай ініцыятывы, накіраванай на прыцягненьне ўвагі да дэмакратычных рухаў і правоў чалавека ў Беларусі.
У кааліцыйным пагадненьні ўраду Фляндрыі сярод прыярытэтаў пазначаная падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі, паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінэт 29 кастрычніка па выніках сустрэчы намесьніка старшыні Паўла Латушкі з генэральным прадстаўніком Фляндрыі ў Польшчы Матыясам дэ Морам.
12 сьнежня стала вядома таксама, што Эўрапейскі зьвяз выдзеліць 30 млн эўра для падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху.
Форум