Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі візавыя санкцыі для 20 грамадзян Грузіі «за падрыў дэмакратыі»


Эўрапейская і грузінская сымболіка ў Тбілісі. Сьнежань 2024
Эўрапейская і грузінская сымболіка ў Тбілісі. Сьнежань 2024

Дзярждэпартамэнт ЗША аб’явіў аб увядзеньні візавых абмежаваньняў у дачыненьні да каля 20 грамадзян Грузіі «за падрыў дэмакратыі» ў краіне.

Санкцыі закрануць міністраў і дэпутатаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і службаў бясьпекі, а таксама прыватных асоб.

«Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць жорсткі і неапраўданы гвалт партыі „Грузінская мара“ ў дачыненьні да грамадзян Грузіі, уключаючы ўдзельнікаў пратэстаў, прадстаўнікоў СМІ, праваабаронцаў і апазыцыйных дзеячаў», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілера.

Паводле яго, ЗША рыхтуюць дадатковыя меры, у тым ліку санкцыі, каб «заклікаць да адказу тых, хто падрывае дэмакратыю ў Грузіі».

«Разам з народам Грузіі мы хочам бачыць моцную, квітнеючую і дэмакратычную Грузію, трывала інтэграваную ў эўраатлантычную супольнасьць. Нашы сёньняшнія дзеяньні дэманструюць рашучасьць ЗША і дапаўняюць раней абвешчаныя меры, якія тычацца больш як 100 зьвязаных з „Грузінскай марай“ асоб і членаў іх сем’яў», адзначыў ён.

ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць Грузіі пасьля таго, як грузінскі парлямэнт прыняў закон «Аб замежным уплыве». У першы сьпіс візавых абмежаваньняў увайшлі сябры кіроўнай партыі «Грузінская мара», дэпутаты парлямэнту, супрацоўнікі сілавых структур і члены іх сем’яў.

За задушэньне пратэстаў, якія пачаліся пасьля выбараў у парлямэнт, санкцыі супраць заснавальніка кіроўнай прарасейскай партыі «Грузінская мара» Бідзіны Іванішвілі і кіраўніцтва МУС увялі краіны Балтыі.

Украіна ўнесла ў санкцыйны спіс Іванішвілі і яшчэ 18 чалавек.

Вялікая Брытанія заявіла, што прыпыніць усе праграмы дапамогі Грузіі і абмяжуе ўзаемадзеяньне з грузінскім урадам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG