Урад Беларусі ўнёс зьмены ў закон «Аб абмежаваньні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці», больш вядомы ва ўжытку як закон аб паралельным імпарце. Дзеяньне гэтага акту працягнулі яшчэ на 2 гады — па 31 сьнежня 2026 г., піша «Экономическая газета».
Згодна з законам, умовай выкарыстаньня ў Беларусі замежнага ПЗ, музыкі, фільмаў, тэлеперадач, а таксама ўвозу і ўвядзеньня ў абарачэньне тавараў, у якіх прыменены аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці, бяз згоды праваўладальнікаў зьяўляецца ўключэньне адпаведных аб’ектаў аўтарскага права і тавараў у адмысловыя пералікі.
Да апошняга часу ў Беларусі дзейнічаў толькі адзін такі пералік, у які ўваходзілі трансьляцыі міжнародных футбольных турніраў (Эўра-2024, Ліга нацый, ЧС у пляжным футболе 2024 г.) і таварыскіх сустрэч беларускай зборнай у футболе.
Пры гэтым пералік тавараў (групаў тавараў), якія зьяўляюцца істотна важнымі для ўнутранага рынку, абнародаваны толькі 10 снежня, хаця пастанова МАРТ № 43, якой ён вызначаны, прынята яшчэ 18 чэрвеня сёлета.
Базуючыся на пастанове № 43, у прынятым выглядзе пералік будзе прымяняцца толькі 21 дзень — з 11 па 31 сьнежня 2024 г., паколькі дзеяньне пастановы абмежавана першапачатковым тэрмінам дзеяньня закону.
У той жа час вялікая імавернасьць таго, што пасьля 1 студзеня 2025 г. пералік працягне дзейнічаць, але ўжо пад новай назвай — як пералік тавараў (групаў тавараў), увоз на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і ўвядзеньне ў грамадзянскае абарачэньне якіх дапускаюцца бяз згоды (дазволу) праваўладальнікаў з замежных дзяржаў. Так, паводле абноўленай вэрсіі закону, павінен называцца адпаведны сьпіс тавараў.
Што аднесьлі да «крытычнага імпарту»
У пералік увайшлі шырокія групы тавараў, у прыватнасьці:
- этылавы сьпірт і сьпіртныя напоі;
- нафту і нафтапрадукты;
- паліграфічная фарба, чарніла ці туш;
- сродкі мыцьця і чышчэньня, змазачныя матэрыялы;
- фотахімікаты і іншыя прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў фатасправе;
- вырабы з плястмасаў і гумы;
- валізкі, розныя торбы (у т. л. школьныя ранцы) і футаралы;
- папера і кардон;
- паліграфічная прадукцыя, у тым ліку кнігі;
- тэкстыльныя вырабы, адзеньне, галаўныя ўборы, дэталі абутку (нарыхтоўкі верху, вусьцілкі, гетры і да т. п., але ня сам абутак), гігіенічныя прадукты;
- вырабы з чорных і некаштоўных мэталаў, медзі, алюмінію;
- рознае абсталяваньне, апаратура, вылічальныя машыны;
- сродкі наземнага транспарту, акрамя чыгуначнага або трамваяў.
Усяго ў пералік уключаны 34 таварныя пазыцыі, абазначаныя кодам ТН ЗЭД ЕАЭС і названыя канкрэтна. Пры вызначэньні тавару прыярытэт мае код ТН ЗЭД.
Форум