Пра пасьпяховае выпрабаваньне «першай айчыннай кіраванай ракеты» 9М318, распрацаванай для зэнітна-ракетнага комплексу Бук-МБ2, заявіў 10 сьнежня Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі.
Сьцьвярджаецца, што завяршальны этап выпрабаваньняў «айчыннай» ракеты правялі «на тэрыторыі авіяцыйнага палігона» (месца не ўдакладняецца), яна павялічыла зону паражэньня ЗРК «Бук-МБ2» да 70 кілямэтраў.
У паведамленьні падкрэсьліваецца, што ракета прызначаная для «паражэньня хуткасных манэўравальных аэрадынамічных цэляў, тактычных балістычных, крылатых, авіяцыйных і супрацькарабэльных ракет і верталётаў (уключаючы тыя, што знаходзяцца ў рэжыме завісаньня) ва ўмовах інтэнсіўнага радыёэлектроннага процідзеяньня, а таксама надводных і радыёкантрасных наземных цэляў.
Асаблівасьцю ракеты ў ведамстве назвалі «наяўнасьць актыўнай галоўкі саманавядзеньня, якая дазваляе паражаць цэлі, у тым ліку зь нізкай адлюстравальнай паверхняй, з большай верагоднасьцю, а таксама вызваляць мэтавы канал ЗРК, не чакаючы паразы цэлі».
Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускi Гаюн», выпрабаваньні праходзілі на тэрыторыі Альманскага балота і новай зоны абмежаваньня палётаў — на тэрыторыі былога 41-га авіяцыйнага палігону (Мерлінскі).
Пра першае выпрабаваньне ракеты 9М318 паведамлялі ў лютым 2020 году. Тады ракета сышла са стэнда ў штатным рэжыме і праляцела каля 20 км. Раман Галоўчанка, які тады ўзначальваў Дзяржкамваенпрам, заявіў, што першы этап выпрабаваньняў «прайшоў пасьпяхова». У чэрвені 2020 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў Галоўчанку прэм’ер-міністрам Беларусі.
- 4 лютага намесьнік міністра абароны Беларусі па ўзбраеньні Андрэй Федзін заявіў, што ў 2023 годзе на ўзбраеньне прынята больш за 70 розных узораў узбраеньня і тэхнікі, сярод іх — ударныя верталёты Мі-35М, ракетны комплекс В-300 «Палянэз-М», апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», зэнітны ракетны комплекс «Тор-М2». Тады ж ён анансаваў прыняцьце на ўзбраеньне мадэрнізаванага ЗРК Бук-МБ2, бронетранспарцёра V-2 і ўдарнага бесьпілётнага авіяцыйнага комплексу «Чакан».
Форум