На гэтыя ды іншыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае былая палітзьняволеная, рэдактарка выданьня Plan B Вольга Лойка.
— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што іх пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Ці будзе інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў (колькасьць палітвязьняў як індыкатар) мяняцца пасьля выбараў?
— Я думаю, што яна будзе мяняцца, і думаю, што будзе зьніжацца. Я б не называла гэта адлігай, бо ўсё ж такі аслабленьне рэпрэсіяў — гэта не зусім адліга (калі разумець пад адлігай тое, што робіцца дазволеным раней забароненае). Ну, проста ўжо ўсіх пакараюць за тое, што было ў 2020–2021 гадах, і працягваць перасьлед за падзеі пяцігадовай даўнасьці, напэўна, было б крыху дзіўна. А тут яшчэ і тэрмін даўнасьці па гэтых злачынствах скончыцца, і можна будзе паступова заяўляць, што мы з гэтым скончылі. Я зараз бачу, што, у прынцыпе, ціск, напэўна, і цяпер крыху меншы, чым раней. Тым больш што ёсьць больш за 200 чалавек, якія выйшлі на волю ў выніку памілаваньня. Гэта вельмі добра, гэта найлепшая навіна апошняга году. Але сказаць, што гэта адліга, я не магу. Усё, што было нельга ў 2023–2024 гадах, усё гэта будзе нельга і ў 2025 годзе.
— Што азначае ўдзел у выбарчай кампаніі альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў — Гайдукевіча, Канапацкай, Сыранкова, Хіжняка? Гэта не прыкмета нейкіх зьменаў у палітычнай сыстэме, але мо прыкмета калі не лібэралізацыі, дык прынамсі ўскладненьня?
— Цяперашнія кандыдаты на выбарах — для мяне адназначна спойлеры, і гаварыць там няма пра што. Але ёсьць кейс Дзьмітрыева, які не настолькі адназначны, як многія (асабліва тыя, хто за межамі Беларусі) спрабуюць падаць, трактуючы яго як агента КДБ. Чалавек спрабуе намацаць нейкую мяжу дазволенага. Заўсёды так было. Нехта пачынаў нешта спрабаваць рабіць. Прычым у цяперашніх умовах нешта спрабаваць рабіць — гэта сапраўды небясьпечна. Я паважаю яго. Я ня веру, што ён крэатура КДБ. Але нават калі і так, гэта ўсё роўна нейкае намацваньне новай нармальнасьці, гэта спроба выйсьці за межы чыста сілавога варыянту. І такія людзі важныя, патрэбныя. Яны будуць зьяўляцца ўнутры краіны. Ён робіць тое, што робіць, пад сваім імем, робіць гэта ў сытуацыі, калі гэта небясьпечна для яго асабіста. Ён разумее, чым рызыкуе, бо ўжо адседзеў.
— Як будуць выглядаць беларуска-расейскія адносіны праз год, у сьнежні 2025 году?
— Я спадзяюся, што ня так, як зараз. Можа, гэта беспадстаўны аптымізм. Пакуль усё ідзе да таго, што Беларусь не давядзецца далучаць сілай — яна сама ўпадзе ў рукі Расеі, без дадатковых высілкаў. Усе высілкі ўжо зробленыя. Кліент гатовы, кліент дасьпеў. Стан беларускай эканомікі зараз такі, што я не ўяўляю, як яна можа самастойна існаваць. Я ня думаю, што такое становішча могуць зьмяніць адзінкавыя паслабленьні санкцыяў.
— Нярэдка можна пачуць тэзу, што праз Лукашэнку сувэрэнітэт Беларусі ўжо страчаны. А вось ці можна сказаць, што хаця б адзін беларускі чыноўнік ці сілавік быў прызначаны з Масквы ці на загад Масквы? Ці ёсьць выпадкі, калі беларускаму чыноўніку ці сілавіку наўпрост аддаюць распараджэньні з Расеі? Ці апарат улады Лукашэнка ўсё ж кантралюе?
— Кантакты на ўзроўні кіраўнікоў беларускіх рэгіёнаў і фінансавыя ўліваньні на мясцовым узроўні ўжо ёсьць. Многія беларускія чыноўнікі вельмі прарасейскія. Калі перад імі паўстане няпросты выбар паміж Пуціным і Лукашэнкам, я сур’ёзна баюся, што яны выберуць Пуціна.
— А хіба пры Лукашэнку так не было заўсёды?
— Было, але не ў такіх памерах, ня так шырока. І інфармацыйнае поле не было настолькі прарасейскае. У 2019 годзе, калі вяліся спрэчкі наконт інтэграцыйных «мапаў», гаварылася, што адзіная падатковая палітыка для нас непрымальная, што ў нас свае падыходы. Цяпер выяўляецца, што цалкам прымальная. І ў большасьці чыноўнікаў гэта не выклікае ніякага супраціву. Калі загады пачнуць ісьці ня зь Менску, а з Масквы, многія чыноўнікі нават ня зьвернуць на гэта ўвагі. Занадта глыбока мы ўцягнуліся ў гэтую гульню. Асабліва з улікам таго, што грошы — у Расеі і з Расеі. І музыку будзе замаўляць яна.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум