Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь пасьля 26 студзеня». Як зьменіцца палітыка Захаду адносна Беларусі? Прагноз былога дыплямата Паўла Мацукевіча


Юры Дракахруст, Павал Мацукевіч
Юры Дракахруст, Павал Мацукевіч

Якой будзе палітыка Дональда Трампа адносна Беларусі? Ці вернуцца ў наступным годзе ў Менск амбасадары заходніх краінаў? Ці пачнецца палітычная «адліга» пасьля 26 студзеня 2025 году?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае былы дыплямат, дасьледчык Цэнтру новых ідэй Павал Мацукевіч.

Гутарка на Youtube цалкам:

— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што іх пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Як прыход да ўлады ў ЗША Дональда Трампа можа паўплываць на стаўленьне Захаду да Лукашэнкі і дэмакратычных сілаў?

— Пачну з дэмакратычных сілаў. Мне падаецца, што працягнецца падзеньне ўзроўню іх міжнародных кантактаў. І не з тае прычыны, што ў ЗША да ўлады прыйшоў Трамп. У прынцыпе, мы гэта ўжо назіраем цягам апошніх гадоў. У прыватнасьці, зьніжаўся ўзровень кантактаў з кіраўніцтвам Злучаных Штатаў. На апошніх перамовах з дэмсіламі амэрыканскі бок быў прадстаўлены намесьнікам дзяржсакратара. Гэта, увогуле, ня вельмі высокі ўзровень.

Трампа я разглядаю як прагматычнага палітыка. І ў гэтым сэнсе думаю, што ён будзе мець мала матываў для таго, каб весьці дыялёг зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта ня значыць, што яны цалкам пазбавяцца амэрыканскай падтрымкі, але проста зоймуць сваё месца ў вельмі вялікай і доўгай чарзе шукальнікаў гэтай самай амэрыканскай дапамогі.

Што тычыцца ўзроўню кантактаў дэмакратычных сілаў з эўрапейскімі краінамі, то тут можа быць крыху іншая сытуацыя. У ЭЗ ёсьць краіны — Польшча, Літва, іншыя краіны Балтыі, якія лабіруюць, прасоўваюць беларускія дэмакратычныя сілы. Думаю, што працягнецца практыка запрашэньня Сьвятланы Ціханоўскай на канфэрэнцыі, дзе будуць прысутнічаць эўрапейскія лідэры. Але мяркую, што агульны ўзровень кантактаў і на эўрапейскім полі таксама будзе падаць.

Што тычыцца Лукашэнкі, то ён разглядае прыход да ўлады Трампа як нейкі пункт уваходу для нармалізацыі. Аднак плянка гэтай нармалізацыі, я мяркую, нават самімі беларускімі ўладамі ставіцца ня вельмі высока. Але спробы наладзіць адносіны, я думаю, зь беларускага боку будуць рабіцца. Яны ўжо робяцца.

Сам факт накіраваньня віншавальнага пасланьня ад Лукашэнкі Трампу сьведчыць пра тое, што ёсьць пэўны разьлік на зьмену клімату адносінаў пасьля прыходу да ўлады Трампа. Але я думаю, што спатрэбяцца нейкія вельмі выразныя крокі з боку Лукашэнкі, каб зацікавіць амэрыканскую адміністрацыю і заахвоціць яе зрабіць крокі насустрач яму.

Менавіта пры Трампу ў яго мінулую кадэнцыю адбылася нармалізацыя адносінаў, у Менск прыяжджалі дзяржсакратар і дарадца ў нацыянальнай бясьпецы. Былі прызначаныя амбасадары. Але тады гэта адбывалася таму, што Лукашэнка здолеў прадэманстраваць сваю аўтаномію ад Расеі. І ён рабіў пэўныя рухі, якія гэтую лінію пацьвярджалі.

Цяпер Лукашэнка, я думаю, моцна абмежаваны ў сваім манэўры. Расея не прайграе вайну, каб яму шукаць паратунку на Захадзе і рабіць нейкія экстраардынарныя крокі. Але, тым ня менш, ёсьць пэўнае поле магчымасьцяў для нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG