Ці зьменшыцца ў выніку выбараў 2025 году інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў? Якія шанцы на новую палітычную адлігу? Наколькі імаверна, што пасьля выбараў Аляксандар Лукашэнка пачне павольны адыход ад улады?
На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандар Пашкевіч.
— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што выбары 2025 году ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі, і што пераможца ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў (колькасьць палітвязьняў як індыкатар) — ці будзе яна мяняцца пасьля выбараў?
— Гэта будзе залежаць ад сытуацыі ў краіне і ў сьвеце. Прадказвалася, што падчас гэтай кампаніі рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца. Так яно і адбываецца. Пакуль ня пройдзе галасаваньне, зьменаў на лепшае чакаць ня варта. Пасьля выбараў шырокамаштабная лібэралізацыя наўрад ці адбудзецца, але інтэнсіўнасьць рэпрэсіяў можа зьменшыцца, зыходзячы з практычных інтарэсаў беларускага рэжыму. Некалі ўсё канчаецца. Нават «вялікі тэрор» у СССР працягваўся некалькі гадоў, але ўжо ў 1939 годзе быў дадзены загад працэс запаволіць.
Ёсьць інтарэс рэжыму ў тым, каб усю апазыцыю, нават патэнцыйную, загнаць «пад плінтус». За гэта выступаюць пэўныя колы сілавікоў, якім працяг гэтага дае хлеб і значнасьць. Але такія рэпрэсіі шкодзяць эканамічнаму разьвіцьцю. Вялікая эміграцыя, у многіх сфэрах эканомікі шмат вакансіяў, няма каму працаваць. У атачэньні Лукашэнкі людзі, якія адказваюць за эканоміку, наўрад ці зьяўляюцца прыхільнікамі працягу рэпрэсіяў у такіх маштабах. Галасаваньне 26 студзеня можа стаць пэўным Рубіконам, за якім адбудзецца перагляд палітыкі і будзе ўзяты курс на супакаеньне. Спадзявацца на гэта можна. Але нічога не гарантавана.
— Некаторыя экспэрты лічаць, што пасьля выбараў 2025 году пачнецца падрыхтоўка да плаўнага транзыту ўлады — у 2030 годзе ці нават раней. Як вы ацэньваеце шанцы на гэта?
— Па іншых пытаньнях я магу вагацца і дапускаць варыяцыі. Але на гэтае пытаньне магу адказаць адназначна — не, так ня будзе. Гэта зьвязана з асаблівасьцямі Лукашэнкі як чалавека і палітыка. За 30 гадоў яго кіраваньня можна было добра зразумець, што ён апантаны ўладай, для яго ўлада — гэта жыцьцё, і ніколі ад улады ён добраахвотна не адыдзе. Калі ён кажа, што ўжо наеўся ўлады, што зьбіраецца сыходзіць, што на наступны тэрмін ня пойдзе — гэтаму верыць ня варта. Ён будзе трымацца за ўладу, за кантроль над краінай да апошняга.
Адзіны варыянт, калі ён сыдзе да сьмерці, — гэта калі яго так моцна будзе падводзіць здароўе, што ён банальна ня зможа выконваць свае абавязкі. Але мяркую, што і ў такім выпадку вырашаць будзе ня ён, а за яго. Каб ён сам паступова падрыхтаваў транзыт праз пэўны вызначаны час — гэта немагчыма. Людзі кіруюць і ў 75, і ў 80 гадоў. Лукашэнка мяркуе, што і ў такім веку ён зможа працягваць кіраваць.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум