На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Беларусь пасьля 26 студзеня» адказвае доктар сацыялёгіі, прафэсар Андрэй Вардамацкі.
— Ёсьць шмат падставаў меркаваць, што пераможца на выбарах 2025 году ўжо перадвызначаны. Таму ў гэтай праграме мы гаворым пра тое, што будзе пасьля 26 студзеня 2025 году. Але гэта ня толькі ўласна пра палітыку, але і пра пытаньне: хто мы? Што значыць быць беларусам? Андрэй, нядаўна вы абнародавалі дадзеныя маштабнага дасьледаваньня пра нацыянальную ідэнтычнасьць.
Цікавая дынаміка адказаў на пытаньне — «Што зьвязвае вас зь людзьмі сваёй нацыянальнасьці?». Варыянт адказу «Мэнталітэт, рысы характару» раней быў на 10–11 месцы, сёлета ўзьляцеў на 2 месца. Пра што сьведчыць гэтая рэзкая зьмена?
— Сярод чыньнікаў ідэнтычнасьці агульная мэнтальнасьць ужо займае дамінуючае месца. Раней дамінуючы чыньнік быў — агульная тэрыторыя і агульная дзяржава. Тады лічылася, што гэта галоўнае, што аб’ядноўвае беларусаў. Цяпер адбываецца зрух у бок гістарычна-культурніцкай ідэнтычнасьці.
— Беларуская мова — на невысокім месцы сярод ідэнтыфікатараў. Ці ёсьць параўнаньне зь іншымі краінамі (Польшча, Літва, Украіна)? Там гэта моцны ідэнтыфікатар?
— У Польшчы ў 2019 годзе рабілася рэпрэзэнтатыўнае апытаньне, і там было пытаньне — «Якія рысы важныя для характарыстыкі чалавека як паляка?». 92% назвалі польскую мову. Гэты чыньнік там быў на абсалютным першым месцы. Польская нацыянальная ідэнтычнасьць — моўна-культурная. А ў нас адбываецца пераход ад дзяржаўніцка-тэрытарыяльнай ідэнтычнасьці да ідэнтычнасьці, грунтаванай на агульнай мэнтальнасьці.
— На падставе глыбінных інтэрвію вы вызначылі супрацьпастаўленьне ў ацэнках рэспандэнтаў «Мова нанова versus мова прымусова». А хіба быў час, калі мова была прымусова?
— Распаўсюд беларускай мовы павінен праводзіцца мякка. Былі прыклады, якія людзі ўспрымалі як прымусовы распаўсюд беларускай мовы. І гэта, мякка кажучы, засмуціла частку грамадзтва. Хуткасьць увядзеньня беларускай мовы на агульнадзяржаўным узроўні павінна адпавядаць хуткасьці індывідуальнай патрэбы беларусаў у ёй.
— Наступнае пытаньне наўпрост тычыцца пэрспэктываў Беларусі пасьля 26 студзеня. Як за апошнія гады мяняліся геапалітычныя перавагі беларусаў? Пад уплывам якіх фактараў гэтыя адказы мяняліся? І ці захаваецца гэтая тэндэнцыя ў будучыні?
— Да росту прарасейскіх настрояў прывялі два фактары — сыстэмнае ўзьдзеяньне мэдыя і палітыка некаторых краінаў Захаду, якія абмяжоўваюць правы беларусаў гэтак жа, як і правы расейцаў. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай істотна ўзмацнілася ўзьдзеяньне расейскіх мэдыя на грамадзкую думку ў Беларусі. Іх мэсыдж быў, што гэта не вайна — гэта абмежаваная ваенная апэрацыя, якая вядзецца толькі супраць «кепскіх хлопцаў», а ня супраць украінскага народу. Аналягічным быў наратыў і беларускіх дзяржаўных мэдыя.
І другі чыньнік — абмежаваньні, якія некаторыя заходнія краіны ўводзілі адносна беларусаў, сынхранізуючы гэтыя меры зь мерамі адносна грамадзянаў Расеі. І гэта таксама прывяло да росту прарасейскіх настрояў у Беларусі.
— Калі паводле вашых апытаньняў большасьць беларусаў за саюз з Расеяй, ці вынікае з гэтага, што большасьць зь іх — і за расейскую вайну з Украінай? Калі не, то як гэта спалучаецца з геапалітычнай перавагай у бок Расеі?
— У масавай сьвядомасьці гэтыя рэчы ня вельмі зьвязаныя. Можна правесьці пэўную міжнародную аналёгію. У цяперашняй Грузіі адзін з чыньнікаў прарасейскіх настрояў — гэта наратыў, што калі Грузія зараз ня будзе збліжацца з Расеяй, то ў краіне здарыцца Марыюпаль.
— Сэнс наратыву — Расея такая жахлівая, што мы павінны яе палюбіць? Так?
— Так, прынамсі, на пэўны час. Але, вяртаючыся да стаўленьня беларусаў да Расеі, варта адзначыць, што растварэньня Беларусі ў Расеі, юрыдычнага ўваходжаньня Беларусі ў склад РФ хочуць толькі 4%. І гэтая лічба не мяняецца шмат гадоў.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.
Форум