Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Transparency International: у Грузіі падчас пратэстаў супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі затрымалі каля 400 чалавек


Затрыманьне падчас пратэсту ў цэнтры Тбілісі ў ноч з 6 на 7 сьнежня
Затрыманьне падчас пратэсту ў цэнтры Тбілісі ў ноч з 6 на 7 сьнежня

У Грузіі з 28 лістапада на акцыях пратэсту супраць прыпыненьня перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз былі затрыманыя каля 400 чалавек, паведаміла грузінскае аддзяленьне міжнароднай арганізацыі Transparency International, якое аказвае юрыдычную дапамогу затрыманым.

Праваабарончая арганізацыя, якую цытуе «Настоящее время», адзначыла, што больш за 350 чалавек праходзяць у адміністрацыйных справах, 26 — у крымінальных. Больш за 300 затрыманых, паводле зьвестак праваабаронцаў, пацярпелі ад катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня. 80 пратэстоўцам пасля затрыманьня было неабходна стацыянарнае лячэньне.

У адміністрацыйных справах суды прызначаюць штрафы ў 2000-3000 лары (каля 700-1000 даляраў) або арышт ад 4 да 14 дзён.

6 сьнежня Тбіліскі гарадзкі суд адправіў у СІЗА восем чалавек у крымінальнай справе аб масавых беспарадках і арганізацыі гвалту. Ім пагражае да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі.

Transparency International адзначае, што суды не расьсьледуюць выпадкі катаваньняў пратэстоўцаў, а пры вынясеньні рашэньняў абапіраюцца толькі на паказаньні паліцыянтаў.

Увечары 6 сьнежня перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі прайшла дзявятая акцыя пратэсту. Папярэднія дзьве ночы сілавікі не разганялі пратэстоўцаў. Цяпер разгон мітынгу пачаўся пасля поўначы. Мітынгоўцаў адціснулі ад будынку парлямэнту. Паліцыянты ўжывалі вадамёты і сьлезацечны газ.

Паводле МУС Грузіі, былі затрыманыя 48 чалавек. Адзін зь лідэраў апазыцыйнай партыі «Гірчы — больш свабоды» Цотнэ Кабэрыдзэ распавёў, што падчас затрыманьня яго білі.

«Дзявяты дзень барацьбы грузінаў за сваю свабоду і эўрапейскую будучыню сустракае жорсткі тэрор і рэпрэсіі. Грубыя парушэньні асноўных правоў чалавека — выкраданьні, пабіцьцё, незаконныя ператрусы і арышты — не спыняюцца», — напісала прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.

Пратэсты ў Грузіі праходзяць з 28 лістапада. Яны пачаліся пасьля таго, як прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ заявіў аб прыпыненьні да 2028 году перамоваў аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз. Людзей затрымліваюць па абвінавачаньні ў адміністрацыйных правапарушэннях — хуліганстве і непадпарадкаваньні патрабаваньням закону. Затрыманыя некалькі лідэраў апазыцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG