Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ў межах рэканструкцыі зьнесьлі будынак Гістарычнай майстэрні Левіна, дзе ў 1943-м хаваліся габрэі зь Менскага гета

абноўлена

Архіўнае фота 2021 году: так раней выглядаў будынак гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна
Архіўнае фота 2021 году: так раней выглядаў будынак гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна

Як стала вядома Свабодзе, у Менску зьнесьлі будынак на вуліцы Сухой, 25, дзе з 2003 году знаходзілася Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна пры Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры.

На фота, якое даслалі Радыё Свабода крыніцы, на месцы, дзе знаходзіўся будынак майстэрні, цяпер абгароджаная будаўнічая пляцоўка, на ёй стаяць бытоўкі, відаць экскаватар, жоўты пясок, нейкае ламачча — ані знаку, што раней тут стаяў будынак.

27 лістапада, калі кіраўнік майстэрні Сяргей Тукала праводзіў выязны адукацыйны сэмінар па тэме «Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна: мінулае, сучаснасьць, будучыня» для навучэнцаў і пэдагогаў СШ № 19 імя Янкі Купалы, ён згадаў пра «распачатую рэканструкцыю і мадэрнізацыю» будынку.

«У сувязі з распачатай рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй, падчас дыскусіі і абмену думкамі, прысутныя падрабязна пазнаёміліся з гісторыяй будынка Гістарычнай майстэрні, даведаліся пра галоўную місію, мэты, адукацыйна-дасьледчую дзейнасьць і пляны нашай арганізацыі, таксама наведалі Габрэйскі мэмарыяльны парк (былыя габрэйскія могілкі), мэмарыяльныя камяні, прысьвечаныя памяці дэпартаваных эўрапейскіх габрэяў, зьнішчаных у Менскім гета і Малым Трасьцянцы, мэмарыял „Разьбіты ачаг“», — гаворыцца ў паведамленьні ў суполкі Гістарычнай майстэрні ў Фэйсбуку.

На фота ў посьце суполкі, у якім расказвалася пра сэмінар, відаць будынак майстэрні, абгароджаны будаўнічым плотам.

Пра рэканструкцыю будынка

Яшчэ ў канцы верасьня 2021 году «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л.М.» прадставіла на грамадзкае абмеркаваньне канцэпцыю рэканструкцыі Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой. Будынак даўно быў аварыйны.

Канцэпцыя рэканструкцыі, распрацаваная архітэктарамі Левінай, Капыловым і Лукічовай, прадугледжвала знос пасьляваенных прыбудоваў да будынка канца XIX — пачатку XX ст. Згодна з праектам, да гэтай гістарычнай часткі павінны прыбудаваць сучасны корпус са шкла і бэтону. Новы комплекс гістарычнай майстэрні павінен быў стаць двухузроўневым. Рэалізацыя праекту зь невядомых прычын зацягнулася.

Выглядае, што рэканструкцыя, якую пачалі сёлета, выйшла за межы абазначанага ў ранейшай канцэпцыі зносу прыбудоваў.

У свой час будынку не ўдалося афіцыйна прысвоіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, заўважыла «Наша Ніва», таму асаблівых абмежаваньняў у рэканструктараў няма.

Пра Гістарычную майстэрню Леаніда Левіна і гісторыю будынка, у якім яна месьціцца

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна ў будынку на вуліцы Сухой, 25 пачала працаваць у сакавіку 2003 году. Тут ладзіліся міжнародныя канфэрэнцыі і сэмінары. У майстэрні знаходзілася выстава па тэме Галакосту, якая расказвала пра цёмныя старонкі мінулага, калі праз гэты будынак праходзілі вязьні габрэйскага гета.

Дом на вуліцы Сухой, 25 быў пабудаваны на пачатку XX стагодзьдзя і належаў сям’і Бяркоўскіх. Лейб Бяркоўскі быў вартаўніком на разьмешчаных непадалёк габрэйскіх могілках і вядомым разьбяром па камені — таксама рабіў камяні для могілак.

Пасьля 1929 году дом быў нацыяналізаваны і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся прамысловай арцельлю. У вайну ён апынуўся ў межах Менскага гета. Пасьля вайны тут разьмяшчаліся ЗАГС, швейная майстэрня і будаўнічы склад.

У часы існаваньня Менскага гета ў гэтым доме каля могілак быў таемны схрон — так званая «маліна», — дзе габрэі маглі схавацца. «Маліны» былі па ўсім гета. 23 кастрычніка 1943 году нямецкія акупанты абвясьцілі Менск «юдэнфрай» (Judenfrei) — свабодным ад габрэяў. Тады ў будынку схаваліся 26 габрэяў з гета, і 13 зь іх дажылі да вызваленьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG