Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бізнэс сутыкнуўся з дэфіцытам працаўнікоў. Прычына — малыя заробкі


Будаўнікі ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Будаўнікі ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Беларусы часта ня хочуць уладкоўвацца на працу, бо за яе мала плацяць.

Рэсурс probusinss.io апублікаваў вынікі дасьледаваньня кадравага дэфіцыту на беларускім рынку.

«Беларускі бізнэс сутыкнўся з сур’ёзным дэфіцытам супрацоўнікаў і пакуль не знайшоў добрага рашэньня гэтай праблемы», — піша рэсурс.

Летась колькасьць вакансій на сайце rabota.by павялічылася на 42,5%, а сёлета — на 24%. Колькасьць адпраўленых рэзюме ў мінулым годзе падала, у гэтым годзе адбыўся прырост на 22%.

«Працадаўцы вымушаныя падымаць заробкі... Цяпер самы мінімальны ўзровень беспрацоўя — 2,9%. Колькасьць рэзюме расьце, але кандыдатаў па-ранейшаму не стае», — піша probusiness.io.

Новы трэнд, які вызначылі супрацоўнікі rabota.by, што правялі свае дасьледаваньне — 42% кандыдатаў самі адмаўляюцца ад прапанаваных вакансій. Яшчэ адзін трэнд — большасьць вакансій, якія зьяўляюцца, зьвязаныя з тым, што супрацоўнікі звальняюцца, бо ім нешта не падабаецца ў кампаніі, і палова зь іх лёгка, цягам двух месяцаў, знаходзіць іншае месца працы.

Якая прычына нізкага жаданьня беларусаў уладакавацца на працу, нават тады, калі ім прапануюць «стабільны заробак і дружны калектыў» (гэта асноўныя перавагі, на якіх настойваюць працадаўцы)?

Беларусы хочуць большых заробкаў, а працадаўцы мяркуюць, што і так плацяць дастаткова. Па выніках дасьледваньня rabota.by, 67,9% СЕО ў кампаніях лічаць узровень заробкаў, якія прапануюцца, «канкурэнтаздольным».

А вось людзі, якія шукаюць працу, так ня думаюць. Задаволеныя ўзроўнем свайго даходу 20%, а не задаволеныя — 58%. Найбольш незадаволеных сярод спэцыялістаў (60,6%), галоўных спэцыялістаў (59%), рабочых (58,3%). Незадаволеных сваімі заробкамі кіраўнікоў — 53%.

Разам з тым амаль палова апытаных была б задаволеная, каб ім плацілі ад 2,4 да 4 тысяч беларускіх рублёў. Нізка ацэньваюць свае кампэтэнцыі маладыя спэцыялісты і студэнты — 23% зь іх гатовыя працаваць меней чым за 1 тысячу рублёў.

А што 5 сьнежня прапанавалі людзям на электронным кірмашы вакансій у Менску?

Што прапаноўвалі 5 сьнежня

Камітэт па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Менскага гарвыканкама 5 сьнежня правёў электронны кірмаш вакансій, у тым ліку для моладзі.

Прапанавалася заняць больш як 3000 вакансій, найбольш на ААТ МАЗ і «Менсккамунцепласеткі». Больш за 2000 рублёў прапанавалі толькі на каля 200 працоўных месцах, і гэта або кіроўныя пасады, або месцы рабочых з высокай кваліфікацыяй.

Затое сотні выпадкаў прапаноў з заробкам, меншым за 1000 рублёў.

Сярод іх мэдсёстры, фэльчары, інструктары лячэбнай фізкультуры, прыбіральніцы, гардэробнікі, работнікі культуры.

Заробак болей за 4 тысячы рублёў амаль не прапануюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG