Лінкі ўнівэрсальнага доступу

UNESCO ўключыла ўкраінскія пісанкі ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. А што зь беларускімі?


Пісанка ўкраінскага мастака Міколы Ганчарука «На шчасьце і долю!». Архіўнае фота
Пісанка ўкраінскага мастака Міколы Ганчарука «На шчасьце і долю!». Архіўнае фота

Міжурадавы камітэт UNESCO у пытаньнях нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўхваліў рашэньне аб уключэньні ўкраінскай пісанкі ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Украіна падала заяўку на ўключэньне ўкраінскай традыцыі ўпрыгожваньня яек у сьпіс UNESCO у 2017 годзе супольна з Эстоніяй. У гэтай краіне ўкраінская пісанка ўключана ў Нацыянальны сьпіс элемэнтаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Эстоніі.


У Беларусі традыцыя расьпісваньня яек з 2016 году ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Гэта абавязковая перадумова для звароту ў UNESCO па прызнаньне пэўнай традыцыі нематэрыяльнай культурнай спадчынай чалавецтва. Але ўлады Беларусі адпаведнай заявы туды не падавалі.

Найбольш старажытнай у Беларусі лічыцца сапоцкінская пісанка, традыцыі якой дагэтуль захаваліся ў мястэчку Сапоцкін Горадзенскага раёну.

Традыцыя расьпісваць яйкі ўзыходзіць да язычніцкіх часоў, гэта пацьвердзілі знаходкі ў курганах. Пазьней пісанкі ўвайшлі ў абрад сьвяткаваньня хрысьціянскага Вялікадня. У шмат якіх народаў пісанкі сталі жанрам дэкаратыўнага мастацтва.

У Беларусі найбольш вядомай мастачкай, якая цягам усяго свайго жыцьця стварала ўзоры пісанак і мела найбуйнейшую ў сьвеце калекцыю, была Галіна Дамашэвіч. Яе калекцыя налічвала 250 тысяч непаўторных узораў.

Галіна Дамашэвіч сьцьвярджала, што традыцыя пісанак характэрная толькі для Беларусі. «Я хацела б удакладніць: ёсьць маляванкі, а ёсьць пісанкі. Пісанкі толькі ў Беларусі. Ні Ўкраіна, ні Літва, ні Польшча пісанак ня маюць. Пісанка ідзе палоскамі, і фактычна ўсё яйка малюецца на палоскі, і кожная палоска — узор», — расказвала яна ў інтэрвію Свабодзе.

Пісанкі — асобны, даволі складаны спосаб дэкараваньня велікодных яек. Клясычна на сырым пустым яйку робяцца ўзоры гарачым воскам.

Для росьпісу служаць адмысловы самаробны інструмэнт («шпілька», ці «пісак») — палачка з убітым у тарэц цьвічком, пчаліны воск, натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дубу, вольхі, альховых шышак і ржавага жалеза.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG