Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Галоўчанка выказаў сваю вэрсію росту курсу даляра ў Беларусі


Раман Галоўчанка, архіўнае фота
Раман Галоўчанка, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар выступіў з гэтай нагоды на дзяржаўнай тэлевізіі.

Рост курсу даляра і некалькі рэкордаў у адносінах да беларускага рубля запар Раман Галоўчанка зьвязвае з тым, што на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША перамог Дональд Трамп.

Галоўчанка мяркуе, што рост даляра зьява часовая.

«Тое, што зараз адбываецца, гэта часовая зьява, якая зьвязаная з многімі чыньнікамі, і ўнутранымі, і вонкавымі. На фоне прыходу ці абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, на якіх абраны прэзыдэнт прадэкляраваў лёзунг чарговы раз зрабіць Амэрыку вялікай. Такія пасылы ўзьдзейнічаюць на міжнародны фінансавы рынак. Гэта значыць, усе чакаюць, што даляр будзе больш моцным. Адпаведна, ф’ючэрсы валютныя ўжо ўлічваюць гэтую папраўку. Яны цалкам потым могуць адыграць назад. Гэта, я бы сказаў, такое больш пакуль эмацыйнае рашэньне, якое таксама ўплывае на інвэстараў».

Пры гэтым Галоўчанка адзначыў, што для ўладаў большае значэньне маюць курсы расейскага рубля і кітайскага юаня, бо гэта валюты асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі. А таксама прэм’ер-міністар бачыць высокую зацікаўленасьць народу ў нацыянальнай валюце — беларускім рублі.

Ён адзначыў, што адбываецца рост дэпазытаў у банкаўскай сыстэме, як для фізычных, так і для юрыдычных асоб.

Сапраўды, паводле дадзеных статыстыкі Нацбанку, у студзені-кастрычніку, насельніцтва прадало валюты на 1,5 млрд даляраў больш, чым купілі. Аднак беларускія суб’екты гаспадараньня пры гэтым усё ж такі былі чыстымі пакупнікамі валюты ў памеры 2,147 млрд даляраў, піша Reform. У цэлым жа абарот валютнага рынку краіны за дзесяць месяцаў склаў 91,03 млрд даляраў, прапанова пры гэтым перавысіла попыт на 615,9 млн даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG