Дата дня
1 сьнежня ў сьвеце адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІДам. Упершыню абвешчаны Сусьветнай арганізацыяй здароўя у 1988 годзе. Дзень заснаваны з мэтай павышэньня ведаў пра эпідэмію СНІДу, выкліканую распаўсюдам ВІЧ-інфэкцыі, а таксама як дзень памяці ахвяраў гэтага захворваньня. Многія дзяржаўныя, грамадзкія і мэдычныя арганізацыі па ўсім сьвеце ў гэты дзень праводзяць асьветніцкія і дыягнастычныя захады.
У Беларусі цяпер зарэгістраваныя каля 25 тысяч чалавек зь ВІЧ, 70% зь іх — у Гомельскай, Менскай абласьцях і Менску. За 10 месяцаў 2024 году выяўлена тысяча новых выпадкаў ВІЧ. Цяпер ВІЧ — хранічнае захворваньне, якое пры належным лекаваньні не прыводзіць да сьмерці і цяжкіх наступстваў для здароўя.
Дзень у гісторыі
1856 — адкрыўся Віленскі музэй старажытнасьцяў, заснаваны Яўстахам Тышкевічам.
1913 — усталяваная першая лінія канвэернай зборкі на заводзе Ford Motor Company.
1921 — заснаваны Беларускі студэнцкі саюз Унівэрсытэту Стэфана Баторыя ў Вільні. Існаваў да 1939 году.
1943 — скончылася Тэгеранская канфэрэнцыя кіраўнікоў Вялікай Брытаніі, ЗША і СССР. Канфэрэнцыя стала першай сустрэчай «Вялікай тройкі» ў ходзе Другой усясьветнай вайны. На ёй абмяркоўвалі ваенныя дзеяньні і пасьляваеннае міжнароднае ўладкаваньне, у тым ліку адкрыцьцё другога фронту і «польскае пытаньне». Канфэрэнцыя пастанавіла, сярод іншага, што ўсходняй мяжой Польшчы — адпаведна, заходняй мяжой Беларусі — павінна стаць «лінія Керзана».
1955 — Роза Паркс у Мантгомэры, Алабама, адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беласкураму чалавеку. За гэта яе асудзілі як за «парушэньне грамадзкага парадку». У адказ чарнаскурае насельніцтва Мантгомэры пачало байкатаваць грамадзкі транспарт. Ужо ў наступным годзе Вярхоўны суд ЗША пастанавіў, што расавая сэгрэгацыя ў аўтобусах не адпавядае Канстытуцыі. Так Роза Паркс стала пачынальніцай і сымбалем руху за правы чарнаскурых грамадзян ЗША.
1959 — у Вашынгтоне заключанае пагадненьне аб Антарктыцы. Дакумэнт забараніў выкарыстоўваць Антарктыду ў ваенных мэтах.
1991 — першыя прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне і Ўсеўкраінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці.
1991 — першыя ўсенародныя прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане.
2009 — у Эўразьвязе набыла сілу Лісабонская дамова, закліканая замяніць сабой Канстытуцыю Эўразьвязу, якая не ўступіла ў сілу, і ўнесьці зьмены ў дзейныя пагадненьні аб ЭЗ у мэтах рэфармаваньня сыстэмы яго кіраваньня.
У гэты дзень нарадзіліся
1792 — Мікалай Лабачэўскі, расейскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геамэтрыі.
1896 — Георгі Жукаў, савецкі палкаводзец Другой усясьветнай вайны.
1915 — Міхась Кавыль, беларускі паэт, рэдактар, грамадзкі дзеяч.
1931 — Валянцін Малышаў, заслужаны архітэктар Беларусі. У Менску Малышаў спраектаваў Палац спорту, кінатэатар «Кастрычнік» і інш.
1939 — Уладзімер Платонаў, беларускі матэматык, акадэмік АН БССР. У 1987–1992 гадах Платонаў узначальваў Акадэмію навук Беларусі.
1931 — Валянцін Малышаў, архітэктар знакавых будынкаў у Менску.
1940 — Марыя Вайцяшонак, беларуская пісьменьніца.
1955 — Уладзімер Ванцэвіч, беларускі навуковец у галіне машынабудаваньня.
У памяці
1919 — скончыў жыцьцё самагубствам Рамуальд Жакоўскі, беларускі актор, паэт і дэкляматар. Выступаў у трупе Флярыяна Ждановіча. Прычынаю самагубства называюць нястачу і голад.
1973 — Давід Бэн-Гурыён, першы прэм’ер-міністар Ізраілю.
1981 — Рыгор Бярозкiн, літаратуразнаўца, вязень ГУЛАГу.
1989 — Мікалай Патолічаў, савецкі камуністычны і дзяржаўны дзеяч, у 1950–1956 — першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі.
2016 — Алесь Белакоз, беларускі краязнаўца і музэязнаўца, стваральнік музэя ў Гудзевічах.