Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ковід, вайна, шок. Як і чаму ў Беларусі адбываюцца скачкі курсу даляра


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Даляр у беларускіх абменьніках зноў падаражэў. Курс амэрыканскай валюты расьце кожныя таргі, пачынаючы з 11 лістапада. Расказваем, чаму гэта адбываецца і ад чаго залежалі скачкі курсу апошнія 10 гадоў.

28 лістапада таргі на беларускай валютна-фондавай біржы скончыліся чарговым падаражэньнем даляра, зараз яго афіцыйны курс паводле Нацбанку 3,59 рубля. У абменьніках курс дасягае 3,7 рубля і больш. Рост даляра адносна беларускага рубля назіраецца кожны дзень пачынаючы з 11 лістапада.

Архіўнае фота
Архіўнае фота

Чаму даляр так даражэе менавіта цяпер

На пачатку гэтага году даляр каштаваў 3,17 рубля. То бок за гэты год ён падаражэў адносна рубля на 13,2%, або на 42 капейкі. Эўра па выніках таргоў таксама падаражэў. Яго рост склаў 12,7 капейкі — да 3,85 рубля. А вось расейскі рубель зьнізіўся да 3,29 рубля за 100 адзінак.

Падаражэньне не зьвязанае з абясцэньваньнем беларускай валюты, мяркуе старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык.

«Зараз на беларускім валютным рынку няма праблем, гэта гісторыя пра расейскі рубель. Беларускі рубель стабільны адносна кошыка валют, а зьмены адносна даляра — гэта гісторыя зьнешніх рынкаў. Ня можа на беларускім рынку даляр да расейскага рубля каштаваць менш, чым на сусьветным. Таму і адбываюцца гэтыя ваганьні. Да таго ж перад сьвятамі звычайна большы попыт і ў людзей, і ў прадпрыемстваў», — кажа Анатоль Харытончык.

Расея стала адным з асноўных рынкаў для беларускага экспарту, таму беларускі рубель так моцна прывязаны да расейскага, кажа экспэрт.

Суразмоўца пакуль ня бачыць ціску на курс беларускага рубля. Цяпер Нацбанк Беларусі прытрымліваецца плаваючага курсу. Ён вызначаецца на таргах на біржы ў рэальным часе.

«Пры гэтым Нацбанк не адмовіўся цалкам ад валютных інтэрвэнцый. Ён выкупляе лішкі, калі ёсьць прапановы, і прадае, калі ёсьць павышаны попыт. Аднак гэта робіцца паводле правілаў», — дадае суразмоўца.

Раней у Беларусі ўжо здараліся як рэзкія скачкі курсу даляра, так і агулам абясцэньваньне беларускага рубля адносна кошыка валют. Прычыны для гэтага былі розныя.

Архіўнае фота
Архіўнае фота

2022 год: Пачатак вайны і скачок курсаў

Апошні значны скачок даляра і эўра ў Беларусі адбыўся пасьля нападу Расеі на Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Тады цана даляра вырасла з 2,59 рубля адразу да 3,19. Эўра падаражэў з 2,94 рубля да 3,53. Пасьля курсы зьнізіліся. Гэта было зьвязана з падзеньнем расейскага рубля, а таксама з увядзеньнем санкцый, якія зьнізілі попыт на валюту.

2020 год: Каранавірус і пратэсты

Скачок курсаў адбыўся ў Беларусі і ў 2020 годзе. У красавіку даляр (на 10 капеек) і эўра (на 7) вырасьлі адносна беларускага рубля. У той сытуацыі гэта быў разавы фактар нявызначанасьці з прычыны пандэміі каранавірусу, кажа эканаміст.

«Тады быў ковід, не было нейкіх перадумоваў да аслабленьня рубля. Аднак людзі спужаліся, як і прадпрыемствы, і вырас попыт на замежную валюту. Пасьля ў жніўні 2020 году спрацаваў такі ж шокавы фактар, які паўплываў на людзей і прадпрыемствы», — кажа Анатоль Харытончык.

У жніўні 2020 году даляр і эўра зноў вырасьлі, а пікавыя значэньні таго году назіраліся ў верасьні: даляр стаў каштаваць 2,61 рубля, эўра — 3 рублі. Да канца году курсы зьнізіліся.

2016 год: Аслабленьне да расейскага рубля

У 2016 годзе беларускі рубель быў адносна стабільны да даляра і эўра, але вагаўся адносна расейскага. Калі на пачатку 2016 году 100 расейскіх рублёў каштавалі 2,58 беларускага, то ў ліпені таго ж году — ужо 3,1 рубля. Гэта было зьвязана з дэвальвацыяй расейскага рубля і зьніжэньнем беларускага экспарту ў Расею. Лукашэнка тады ацэньваў страты беларускай эканомікі ў 3 мільярды даляраў, прычынамі называлася дэвальвацыя расейскага рубля.

Тады ж Нацбанк павялічыў долю расейскага рубля ў кошыку валют з 40% да 50%.

2014–2015 гады: Рэгуляваньне курсу і шэраг дэвальвацый

У сьнежні 2014 году ўсьлед за падзеньнем расейскага рубля ў беларускіх абменьніках рэзка стаў расьці курс даляра і эўра. Афіцыйны курс тады вызначаўся Нацбанкам.

«Тады быў фіксаваны курс, расейскі рубель моцна аслаб, рэзка пачаў расьці імпарт, беларусы езьдзілі ў Расею набываць машыны. Па сутнасьці, попыт на валюту рэзка вырас, а прапанова зьнізілася. Гэта прымусіла Нацбанк правесьці дэвальвацыю», — прыгадвае Анатоль Харытончык.

Фіксаваны рэжым курсаў валют існаваў у Беларусі да 2015 году. Камітэт у Нацбанку бачыў усе заяўкі на біржы — на куплю валюты і на продаж. І, па сутнасьці, Нацбанк абіраў курс, які лічыў патрэбным, дадае Анатоль Харытончык.

Агульнае падзеньне беларускага рубля да даляра за 2014 год склала 24,7%. У 2015 годзе беларускі рубель абясцэніўся да даляра на 56%, да эўра — на 40%, да расейскага рубля — на 23%.

У лютым 2015-га Нацбанк зьмяніў палітыку: курс стаў нефіксаваны, прыярытэтам зрабілася стрымліваньне інфляцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG