Курс даляра вырас да 3,4725 рубля (+0,0043; +0,12%), дзясяты раз запар абнавіўшы гістарычны максымум. Папярэдні раз гэта адбылося напярэдадні, калі даляр падаражэў да 3,4682 рубля.
Эўра вырас да 3,6528 рубля (+0,0078; +0,21%), каціроўка юаня павялічылася да 4,8072 рубля за 10 юаняў (+0,0231; +0,48%).
Тым часам расейскі рубель патаньнеў да 3,3295 беларускага рубля за 100 расейскіх (-0,0084; −0,25%).
На мінулым працоўным тыдні (18–22 лістапада) даляр падаражэў на 1,39%, эўра — на 0,64%, юань — на 1,21 %, расейскі рубель патаньнеў на 0,69%, сьведчыць аналіз «Позірку».
У кастрычніку афіцыйны курс даляра ў Беларусі вырас на 3,34%, за дзесяць месяцаў 2024 году — на 4,44%.
За 2023 год каціроўка даляра ў Беларусі павялічылася на 16,12% (з 2,7364 да 3,1775 рубля).
На беларускім валютным рынку «няма ніякага шторму», але рызыкі існуюць, заявіў на брыфінгу 21 лістапада старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык.
«Сёньня даляр не адыгрывае вялікай ролі ўнутры краіны, — падкрэсьліў экспэрт. — Разьлікі па экспарце і імпарце ў асноўным робяцца ў расейскіх рублях. А да яго беларускі рубель акурат умацоўваецца — ужо менш як 3,4 рубля за 100».
Паводле Анатоля Харытончыка, важна зьвяртаць увагу на курс беларускага рубля да кошыка валют. Раней «Позірк» паведамляў, што Нацбанк з 12 сьнежня 2022 году выключыў зь яго эўра і вызначыў «вагу валютаў пры разьліку кошту кошыка»: для расейскага рубля — 60%, даляра — 30%, юаня — 10%.
Форум