У Беларусі пасьля зьмены заканадаўства, якое рэгулюе сфэру таксі, людзі пачалі скардзіцца на павышэньне цэнаў. Адзін з суразмоўцаў, які працуе ў гэтай галіне, на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што ў лістападзе цэны вырасьлі на 30-40%.
«Цяпер усе перавозчыкі мусяць быць у адмысловым рээстры, стала працаваць менш кіроўцаў. Таксама вырас і час чаканьня таксі», — сказаў суразмоўца.
Ён прыводзіць прыклад, насколькі вырасьлі цэны за нядаўні час.
«Раней праехаць 13 кілямэтраў раніцай каштавала 15-20 рублёў, цяпер гэта каштуе 25-35 рублёў, у залежнасьці ад попыту», — падзяліўся суразмоўца.
Пастаянны карыстальнік таксі зь Менску ў размове са Свабодай падцьвердзіў словы пра падаражаньне гэтых паслуг. Ён таксама дадаў, што ад лістапада павялічыўся час чаканьня свабоднага аўтамабіля. Па словах суразмоўцы, раней у пікавы час таксоўку трэба было чакаць 15 хвілін, цяпер гэта можа быць і 30, і 40 хвілін.
Некаторыя карыстальнікі пачалі параўноўваць менскія цэны на таксі з цэнамі ў іншых сталіцах, дзе жывуць беларусы.
Дзе таньнейшае таксі
Кошт на таксоўкі, якімі людзі карыстаюцца праз мабільныя праграмы (Яндэкс, Bolt, Uber) ва ўсіх краінах залежыць ад попыту ў канкрэтны момант: чым попыт большы, тым большая цана. Параўноўваем цэны пікавы і няпікавы час у Менску ды іншых гарадах на адлегласьць 9 кілямэтраў.
- Менск: Пікавы момант — 27 рублёў (7,9 даляра), няпікавы — каля 17 рублёў (каля 5 даляраў)
- Варшава: Пікавы момант — 37 злотых (8,8 даляра), няпікавы — каля 26 злотых (6 даляраў)
- Вільня: Пікавы момант — 11 эўра (11,4 даляра), няпікавы — 7 эўра (7,2 даляра)
- Тбілісі: Пікавы момант — 15 лары (5,2 даляра), няпікавы — 10 лары (3,5 даляра)
А вось колькі паездак на месяц можа дазволіць сабе жыхар гэтых гарадоў на сярэдні заробак цалкам (брута):
- Менск — 116
- Варшава — 220
- Вільня — 198
- Тбілісі — 140
Чаму таксі падаражэла
З 1 лістапада перавозчыкі, якіх не ўключылі ў рэестар аўтаперавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, ня могуць працаваць на законных падставах. Калі яны працягваюць працу, іх дзейнасьць прызнаецца незаконнай і прыводзіць да буйных штрафаў і канфіскацыі даходаў.
Да 31 кастрычніка ўключэньне ў рэестар было бясплатнае, пасьля гэтай даты трэба плаціць дзяржаўны збор:
- за аднаго кіроўцу — 40 беларускіх рублёў,
- за кожны транспартны сродак — 80 рублёў,
- за ўключэньне кожнага дыспэтчара — 4 тысячы рублёў.
Апроч гэтага, таксістам, каб трапіць у рэестар, трэба ўсталяваць у салёне відэарэгістратары, а таксама прайсьці курсы павышэньня кваліфікацыі.
Як паведамляе Мінтранс, на 4 лістапада ў рэестар уключылі:
245 дыспэтчараў (у тым ліку 156 дыспэтчараў таксі);
4,6 тысячы перавозчыкаў (86% ад іх агульнай колькасьці), у тым ліку больш за 3,1 тыс. перавозчыкаў таксі;
26 тысяч кіроўцаў (62%), у тым ліку 13,9 тысячы кіроўцаў аўтамабіляў-таксі;
22,4 тысячы транспартных сродкаў (63%), у тым ліку больш за 12,4 тысячы аўтамабіляў-таксі.
Чаму таксістаў стала менш
Свабода пагаварыла зь некалькімі кіроўцамі, якія зьвязаныя ці былі зьвязаныя са сфэрай таксі да новаўвядзеньняў. Адна з асноўных праблем — усталяваньне абавязковых відэарэгістратараў, што цяжка зрабіць у акрэсьлены час. Паводле суразмоўцаў, іх проста не хапае на ўсіх ахвотных.
Другая праблема, пра якую гавораць кіроўцы, гэта павелічэньне выдаткаў. Да рэформы ў самым буйным гульцы рынку «Яндэкс Таксі» працавала шмат кіроўцаў, для якіх гэта быў не галоўны занятак, а спосаб падзарабіць. Цяпер, калі ў далейшую працу трэба ўкласьціся і грашыма (відэарэгістратары) і часам (рэгістрацыя, перакваліфікацыя), ім такая падпрацоўка проста стала нявыгаднай.
Курсы праходжаньня перакваліфікацыі патрэбныя для тых, хто мае стаж кіроўцы з правамі катэгорыі B больш за 5 гадоў. А прайсьці такія курсы бывае цяжка, бо мала арганізацый, якія маюць ліцэнзію на падобнае навучаньне, кажуць таксісты.
Адзін з суразмоўцаў адзначыў, што сытуацыя з цэнамі і нястачай аўтамабіляў усё ж можа зрушыцца ў лепшы бок.
«Пакуль ня ўсе, хто хацеў, пасьпелі трапіць у рээстар, каб мець права працаваць у таксі. Ацэньваць уплыў новых правілаў варта будзе месяцы праз два», — кажа суразмоўца.
Форум