Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастанове, Міністэрства фінансаў Беларусі па рашэньні ўраду павінна павялічыць у 2024 годзе расходы дзяржаўнага бюджэту, прадугледжаныя для Міністэрства лясной гаспадаркі, на 9,6 мільёна рублёў — для аплаты працы супрацоўнікам арганізацыяй, якія вядуць лясную гаспадарку.
Расходы на заробкі ў лясной гаспадарцы вырашылі павялічыць за кошт сродкаў, прадугледжаных для абслугоўваньня замежнага дзяржаўнага доўгу.
Раней за кошт скарачэньня фінансаваньня абслугоўваньня замежнага дзяржаўнага доўгу ўрад павялічваў фінансаваньне дадатковых захадаў у кібэрбясьпецы для Дзяржаўнага мытнага камітэту, на капітальны рамонт гідрамэтэаралягічных аб’ектаў для Мінпрыроды, дзяржаўных СМІ і гэтак далей.
Валавы замежны доўг Беларусі за красавік–чэрвень 2024 году павялічыўся на 253,3 млн даляраў (+0,7%) і на 1 ліпеня склаў 36 млрд 646,7 млн даляраў (на 1 красавіка — 36 млрд 376,8 млн).
Запазычанасьць сэктару дзяржаўнага кіраваньня склала 17 млрд 50,2 млн даляраў і павялічылася за квартал на 1,1% (+188,2 млн), Нацбанку і іншых дэпазытных арганізацый — 4 млрд 770,2 млн (–3,4%; −167,8 млн), іншых сэктараў — 12 млрд 595,2 млн (+1,3%; +156,1 млн), у прамых інвэстыцыях (міжфірмавае крэдытаваньне) — 2 млрд 231 млн (+3,6%; +76,7 млн).
Валавы замежны доўг Беларусі — нявыплачаная сума абавязаньняў перад нерэзыдэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў. У адрозьненьне ад замежнага дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязаньні ўраду перад нерэзыдэнтамі, валавы замежны доўг ахоплівае абавязаньні ўсіх рэзыдэнтаў, падзеленых на чатыры сэктары эканомікі: органы дзяржаўнага кіравання, органы грашова-крэдытнага рэгуляваньня, банкі (дэпазытныя арганізацыі, за выключэньнем Нацбанку), іншыя юрыдычныя і фізычныя асобы.
У дзяржаўным бюджэце на 2024 год зацьвердзілі ліміт унутранага доўгу ў памеры 23,1 мільярда рублёў, унутранага доўгу пад гарантыі ўраду ў памеры 8 мільярдаў рублёў і ліміт замежнага доўгу ў памеры 19 мільярдаў даляраў ЗША, у тым ліку 2,5 мільярда даляраў пад гарантыі ўраду.
Форум