Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуску прызналі «найлепшай новай артысткай» году на прэстыжным музычным конкурсе ў Гішпаніі


Беларуска Руслана Панчышына на сцэне Operacion Triunfo 2023. Фота з афіцыйнай старонкі праекту facebook.com/operaciontriunfo
Беларуска Руслана Панчышына на сцэне Operacion Triunfo 2023. Фота з афіцыйнай старонкі праекту facebook.com/operaciontriunfo

Беларуска Руслана Панчышына, якая жыве ў Гішпаніі, пасьля пасьпяховага ўдзелу ў мясцовай вэрсіі музычнага праекту «Фабрыка зорак» атрымала прэстыжную музычную прэмію LOS40 Music Awards, выпусьціла першы студыйны альбом і пачала канцэртны тур у яго падтрымку.

Руслана Панчышына атрымала ўзнагароду «Найлепшы новы артыст» прэстыжнай прэміі LOS40 Music Awards, якую 19-ы раз правяла найбуйнейшая ў краіне музычная радыёстанцыя LOS40. Цырымонія ўручэньня прэміі прайшла ў Барсэлёне 8 лістапада.

«Дзякуючы гэтай перамозе Руслана зацьвердзілася ў якасьці адной з самых шматабяцальных фігураў на музычнай сцэне Гішпаніі», — гаворыцца на сайце прэміі.

Як паведамляюць гішпанскія СМІ, 14 лістапада ў Русланы Паншчышынай, якой 10 верасьня споўнілася 19 гадоў, выйшаў першы альбом пад назвай Genesis, што ў перакладзе значыць «Зараджэньне».

Беларуска, якая сёлета ў лютым заняла трэцяе месца ў апошнім выпуску Operación Triunfo (гішпанская вэрсія тэлевізійнага рэаліці-шоў, вядомага беларусам як «Фабрыка зорак»), стала адной зь першых удзельніц гэтага выпуску «шоў талентаў», якая атрымала поўны альбом арыгінальных песень, адзначае гішпанскае выданьне Heraldo. Альбом выпусьціла Universal Music Spain — падразьдзяленьне найбуйнейшага ў сьвеце музычнага лэйбла Universal Music Group.

У зборнік уваходзяць 10 песень у стылі поп-рок. Сярод іх — Quien Soy («Хто я»), Amigos («Сябры»), Tengo Un Don («У мяне ёсьць дар») і іншыя. У дзень выхаду альбома пачаўся і канцэртны тур маладой сьпявачкі па Гішпаніі. Канцэрты пройдуць у Мадрыдзе, Гранадзе, Сэвільлі, Барсэлёне, Сарагосе, Тэнэрыфэ, Валенсіі і іншых гарадах Гішпаніі.

Білеты на ўсе канцэрты, як паведамляецца на сайце Русланы, былі раскупленыя ў рэкордныя тэрміны, за пару гадзін пасьля паступленьня ў продаж. Пачаўся ўжо продаж квіткоў на канцэрты 2025 году.

  • Руслана Панчышына расла ў Беларусі, аднак разам зь сям’ёй даўно пераехала на Тэнэрыфэ ў Гішпанію. Яна пачала сьпяваць зь дзяцінства, выступала ў гуртах, захаплялася бас-гітарай. У Менску дзяўчынка займалася вакалам і вучылася граць на скрыпцы ў Дзіцячай музычнай школе № 15. У Беларусі яна брала ўдзел у адборах на дзіцячую «Эўравізію». Таксама Руслана Панчышына ўдзельнічала ў дзясятках песенных конкурсаў у розных краінах сьвету.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG