Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мінулым тыдні разглядалі 87 палітычных крымінальных справаў, як мінімум 11 зь іх — у закрытых працэсах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 18 па 22 лістапада беларускія суды разгледзелі 87 палітычна матываваных крымінальных справаў, па якіх судзілі 106 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Па інфармацыі праваабаронцаў, ня менш за 11 працэсаў былі закрытыя. Самы распаўсюджаны крымінальны артыкул у рамках згаданых спраў — 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Па ім судзілі 35 чалавек.

Па дыфамацыйных артыкулах асудзілі 41 чалавека.

Сама меней 6 чалавек сталі перад судом па абвінавачаньні ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Па гэтым артыкуле пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году асуджана ня менш як 88 чалавек, у тым ліку 13 жанчын.

«Вясна» падкрэсьлівае, што пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі «працягваецца беспрэцэдэнтная хваля рэпрэсій».

«Беларусаў да гэтага часу працягваюць перасьледаваць за падзеі чатырохгадовай даўнасьці: пазбаўляюць волі за ўдзел у акцыях пратэсту, за публічнае выказваньне нязгоды зь дзеяньнямі ўладаў і іншую палітычную актыўнасьць. Перад сёмымі прэзыдэнцкімі выбарамі хваля рэпрэсій узмацнілася: па ўсёй краіне праводзяцца ператрусы і затрыманьні», — адзначаюць праваабаронцы.

Раней яны канстатавалі, што рэальны маштаб перасьледу ў Беларусі можа быць значна большы, «праваабаронцы не валодаюць усімі зьвесткамі аб рэпрэсіях».

Працэс падрыхтоўкі да сёмых прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на 26 студзеня 2025 году, праходзіць пад кантролем уладаў, палітычнае поле краіны зачышчанае ад актыўных апанэнтаў Лукашэнкі.

Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй па ўтрыманьні ўлады», праваабаронцы гавораць пра імітацыю ўладамі канкурэнцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG