Дата дня
23 лістапада 1906 году ў Вільні выйшаў першы нумар газэты «Наша Ніва». Першыя 42 нумары выдаваліся беларускімі кірыліцай і лацінкай. Выданьне газэты было спынена ў 1915 годзе ў сувязі з падзеямі Першае ўсясьветнае вайны — нямецкія войскі набліжаліся да Вільні.
У 1991 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца ў Вільні адбылося адраджэньне «Нашай Нівы». У 1996-м рэдакцыя газэты пераехала ў Менск. У чэрвені 2018 «Наша Ніва» спыніла выхад папяровай газэты, а праз два месяцы стала выдаваць ілюстраваны гістарычны часопіс.
Таксама ў гэты дзень
1793 — у Горадні скончыўся апошні Сойм Рэчы Паспалітай. Паводле задумы расейскае царыцы Кацярыны II, гэты сойм мусіў замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Раней, 23 верасьня, адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». Дэпутаты маўчалі некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак Сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду.
1831 — у Санкт-Пецярбургу адкрыўся Румянцаўскі музэй. Кнігі, рукапісы, манэты, этнаграфічныя і мастацкія калекцыі былі перавезеныя сюды з Гомельскага палаца графа Румянцава, куды ён усё гэта зьбіраў у часе сваіх ваенных паходаў. Пазьней музэй перавезьлі зь Пецярбургу ў Маскву, а там на ягонай базе была створаная Румянцаўская бібліятэка, якая за савецкім часам стала бібліятэкай імя Леніна — галоўнай расейскай бібліятэкай.
1953 — пачала працу Асіповіцкая ГЭС на Сьвіслачы
1996 — старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі падпісвае пагадненьне з Аляксандрам Лукашэнкам, якое спыняе працэдуру імпічмэнту апошняга.
2011 — Алесь Бяляцкі за «ўхіленьне ад выплаты падаткаў» асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці
2020 — некалькі тысяч пэнсіянэраў выйшлі ў Менску на «Марш мудрасьці».
У гэты дзень нарадзіліся
1851 — Ёнас Басанавічус, патрыярх літоўскага адраджэньня.
1871 — Уладзімер Тэраўскі, хормайстар, кампазытар, аўтар музыкі гімну БНР, ахвяра сталінізму.
1910 — Зьмітрок Астапенка, паэт, вязень ГУЛАГу.
1966 — Міхась Скобла, паэт, дасьледнік літаратуры.
У памяці
1886 — Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст. Кіркор адзін зь першых адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874 годзе, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных фальклёрных відаў творчасьці.
1938 — Мікалай Красінскі, рэлігійны і тэатральны дзяяч, ахвяра сталінізму (расстраляны).
1970 — Яўген Цікоцкі, беларускі кампазытар. У 1970-х, калі гарадзкія ўлады руйнавалі гістарычны цэнтар Менску, Цікоцкі быў адным з актыўных абаронцаў архітэктурнай спадчыны.
2006 — у выніку атручэньня палёніем памёр Аляксандар Літвіненка, былы супрацоўнік КГБ-ФСБ. Існуе думка, што Літвіненка быў забіты за тое, што знайшоў доказы сувязяў блізкіх да Пуціна чыноўнікаў з арганізаванай злачыннасьцю.