Дата дня
24 лістапада 1996 году ў Беларусі адбыўся ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, які істотна пашырыў паўнамоцтвы прэзыдэнта. На рэфэрэндуме таксама прагаласавалі за перанос Дня Незалежнасьці на Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня, супраць куплі й продажу зямлі ды супраць адмены сьмяротнае кары.
Вынікі рэфэрэндуму 1996 году адразу прызнала Расея, але так і не прызналі ў краінах Эўразьвязу, ЗША і большасьці краінаў дэмакратычнага сьвету, а дэмакратычная апазыцыя назвала гэты рэфэрэндум канстытуцыйным пераваротам. Шмат хто ў беларускім грамадзтве лічыць, што вынікі рэфэрэндуму былі сфальшаваныя ўладамі.
Таксама ў гэты дзень
1729 — у Пінску ордэн езуітаў заснаваў друкарню.
1793 — падчас Вялікай францускай рэвалюцыі «Марсэльезу» выбралі гімнам Францыі.
1859 — выйшла ў сьвет кніга Чарлза Дарвіна «Аб паходжаньні відаў» з выкладаньнем тэорыі эвалюцыі жывёльнага сьвету.
1934 — прэзыдэнту Турэччыны Мустафу Кемаль-пашу надалі ганаровы тытул «Атацюрк» («бацька туркаў»).
1997 — улады закрылі газэту «Свабода». Першы нумар яе выйшаў 25 сакавіка 1990 году, у гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдакцыя стаяла на нацыянальна-дэмакратычных пазыцыях, крытычна ставілася да асобы Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў.
2011 — вынесьлі прысуд Алесю Бяляцкаму, старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна». Бяляцкі атрымаў 4,5 года зьняволеньня па абвінавачаньні ва ўтойваньні прыбыткаў з-за мяжы. Сваёй віны Бяляцкі не прызнаў і тлумачыў суду, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Асуджанага вызвалілі ў чэрвені 2014 году. Цяпер ён зноў за кратамі. У зьняволеньні ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
У гэты дзень нарадзіліся
1714 — Тамаш Жаброўскі, беларускі архітэктар.
1916 — Георгі Бенядзіктаў, заслужаны архітэктар БССР. Асноўныя працы Бенядзіктава ў Менску: будынак Белдзяржфілярмоніі, Палац культуры Менскага трактарнага заводу, стары будынак музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
1943 — Віктар Сідзяк, беларускі фэхтавальнік, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Мэхіка і Мюнхэне, пяціразовы чэмпіён сьвету.
У памяці
1943 — загінуў Мікалай Азбукін, беларускі географ і дзяяч беларускага нацыянальнага руху. У сваёй кнізе «Геаграфія Эўропы» Азбукін трактаваў Беларусь як «самадастатковую краіну». Перасьледаваўся НКВД у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Імаверна, быў расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на поўдні СССР.
1991 — памёр Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі сьпявак, саліст гурту Queen. За дзень да сьмерці музыка пацьвердзіў чуткі, што хварэе на СНІД.