Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хопіць гвалтаваць». Беларускі і беларусы дзеляцца гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт


Стэхійны мэмарыял на месцы згвалтаваньня беларускі Лізаветы ў Варшаве
Стэхійны мэмарыял на месцы згвалтаваньня беларускі Лізаветы ў Варшаве

Пасьля навіны пра сьмерць у Варшаве згвалтаванай 25-гадовай беларускі Лізаветы, у сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць. У Інстаграме, Фэйсбуку і плятформе X людзі дзеляцца гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.

Хаштэг запусьціла фэмактывістка Наста Базар.

«Як пазьбегнуць сэксуалізаванага гвалту? Што ня так з парадамі, якія мы чуем? „Не хадзіць уначы адной“, „ня піць алькаголь у малазнаёмай кампаніі“, „не насіць кароткія спадніцы“, „не рабіць яркія макіяжы“, „не хадзіць без свайго хлопца“. Праблема ў тым, што ўсе гэтыя парады даюцца жанчынам. У мяне ёсьць пытаньне, а што могуць зрабіць мужчыны, каб сэксуалізаванага гвалту стала меней. Напішыце, калі ласка, у камэнтарах». — заклікала Наста Базар.

Агулам гэтым хаштэгам скарысталіся ўжо каля сотні разоў на розных плятформах. Найбольш у Інстаграме.

Пачытаць гісторыі можна па ГЭТАЙ СПАСЫЛЦЫ.

Да акцыі далучыўся і блогер Максім Паршута, аўтар ютуб-каналу «Максымальна». Гэты праект прысьвечаны беларускім жанчынам.

«Што значыць „вучыць не гвалтаваць“? Я кажу ня толькі літаральна згвалтаваньне — як гэта здарылася зь беларускай Лізай у Варшаве, якая памерла пасьля нападу гвалтаўніка. Гэта яшчэ шмат усяго:
— жарты пра тое, што гвалтаваць жанчын у цягніках — правільна;
— заваёўваць яе і дамагацца, калі яна кажа „не“;
— стукаць па стале, замахвацца кулаком, пагражаць стукнуць. Так, „жартам“ таксама;
— абдымаць і дакранацца да жанчыны, калі вам гэтага не дазвалялі;
— зваць жанчын „шлюхамі“, „цёлкамі“ і іншымі словамі, якія трэба проста забыцца;
— думаць „сама вінаватая“ і, божа, пісаць ці казаць пра гэта публічна. Калі ў вас праскочыла такая думка — адрэфлексуйце гэта, падумайце, адкуль яна, і змагайцеся зь ёй;
— Гэта думкі (горш — дзеяньні на аснове гэтых думак) аб тым, што калі дзяўчына з чырвонай памадай / у кароткай спадніцы / яна п’яная / і г. д. — то гэта знак усім мужчынам гэтай плянэты, што яна гатова пераспаць зь імі. Не, чорт вазьмі, гэта проста яна захацела надзець кароткую спадніцу і надрацца! Усё, больш гэта нічога не значыць. Не, гэта ня ўвесь сьпіс — але давайце пачнем з гэтага. Пачнем адлоўліваць у сабе такія думкі і дзеяньні — і перастанем так думаць і рабіць». — піша Паршута.

25-гадовая беларуска Лізавета, на якую жорстка напалі ў цэнтры Варшавы, памерла 1-г сакавіка. Непасрэднай прычынай сьмерці жанчыны стала гібель мозгу. Жанчына ў цяжкім стане знаходзілася ў аддзяленьні рэанімацыі і анэстэзіялёгіі адной са сталічных лякарняў. Напад адбыўся ў нядзелю, 25 лютага, на вуліцы Журавяй у самым цэнтры Варшавы. 25-гадовая беларуска вярталася дадому, калі на яе напаў мужчына ў масцы. У той жа дзень яго арыштавалі, ён прызнаўся ў нападзе. Мужчыну можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне.

Месца злачынства
Месца злачынства

На месцы згвалтаваньня беларускі ў Варшаве ўзьнік стыхійны мэмарыял. Людзі нясуць туды кветкі і запальваюць зьнічы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG