Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца АПК Гарбунова распавяла, як у Беларусі зьвязаныя хатні гвалт і палітычныя рэпрэсіі


Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольга Гарбунова
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольга Гарбунова

26 лістапада ў Вільні пройдзе фэстываль супраць хатняга гвалту ў Вільні і выступіць на тэму «Праблема хатняга гвалту ў аўтарытарнай дзяржаве: кейс Беларусі».

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Вольга Гарбунова да пачатку кампаніі ААН «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендарнага гвалту», заявіла, што ў Беларусі ў гэтай сфэры вялікія праблемы: «Карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі зьмянілася».

Вольга Гарбунова сьцьвярджае, што амаль уся статыстыка па тэме схаваная.

«Але, мяркуючы па сьведчаньнях людзей унутры Беларусі і па матэрыялах у СМІ, карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі зьмянілася. Цяпер гэта і агнястрэльныя раненьні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бэнзінам, і шмат іншых жудасных здарэньняў. Нядзіўна, што зьвесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах».

Па словах беларускіх чыноўнікаў, нібыта «праблема не стаіць востра». Вольга Гарбунова нагадвае, што ў Беларусі дагэтуль няма спэцыялізаванага закону аб хатнім гвалце.

«А нядаўнія зьмены ў існуючым заканадаўстве ў сфэры гвалту вельмі спрэчныя. Напрыклад, невядома, для чаго адкрываецца доступ да фактаў гвалту для КДБ і Рады бясьпекі. Магчыма, гэта інструмэнт для таго, каб перакручваць статыстыку, уплываць на тэндэнцыі».

Апрача таго, яна нагадвае, што ў Беларусі ліквідаваныя недзяржаўныя арганізацыі, якія маглі аказваць дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту, няма каму праводзіць асьветніцкія інфармацыйныя кампаніі.

«На жаль, частка грамадзтва яшчэ жыве з думкай, што ёсьць „дапушчальны гвалт“, які адбываецца за зачыненымі дзьвярыма ў асобных семʼях. З цягам часу ён перарос у маштабны палітычны гвалт. А цяпер дзяржаўная машына дэманструе, што гвалт можа быць беспакараным — і правакуе зьяўленьне новых жахлівых прыкладаў. Упэўненая, што гвалт у турмах і хатні гвалт — узаемазьвязаныя працэсы. У нас, ва ўсяго грамадзтва, наперадзе комплексная праца па іх спыненьні і пераадоленьні наступстваў», — заявіла Вольга Гарбунова.

25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы з гвалтам у адносінах жанчын. Устаноўлены Генасамблеяй ААН у 1999 у памяць аб сёстрах Мірабаль, забітых у Дамініканскай рэспубліцы 25 лістапада 1960 года па загадзе дыктатара Рафаэля Трухільё.

«Ніколі ня думала да 2020 года, што 25 лістапада стане і для Беларусі днём, настолькі зьвязаным з палітычнымі рэпрэсіямі», — адзначыла Вольга Гарбунова.

З 25 лістапада распачынаюца 16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендарнага гвалту, якія завяршаюцца 10 сьнежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG