Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2025 годзе вырастуць памеры штрафаў і збораў


З 1 студзеня 2025 году ў Беларусі на 2 рублі вырасьце базавая велічыня — да 42 рублёў. У выніку гэтага павялічацца памеры шэрагу выплатаў — штрафаў, збораў і стыпэндыяў.

Пра гэтыя зьмены піша партал «Люстэрка».

Збор за выдачу новага пашпарта вырасьце да 42 рублёў (цяпер — 40 рублёў), за паскораную выдачу — яшчэ 42 рублі (цяпер — 40 рублёў).

Рэгістрацыя шлюбу падаражэе да 42 рублёў (цяпер — 40 рублёў), развод — да 168 рублёў (цяпер — 160 рублёў).

За рэгістрацыю індывідуальным прадпрымальнікам з 1 студзеня 2025 году трэба будзе заплаціць 21 рубель (было — 20 рублёў).

Да базавай велічыні таксама прывязаныя стаўкі збору за дзяржрэгістрацыю нерухомасьці і памер дапамогі па беспрацоўі.

Гэтая дапамога складае максымум дзьве базавыя велічыні, то бок 80 рублёў. Але некаторым катэгорыям, напрыклад асобам, якія выхоўваюць дзяцей, даюць прыбаўку ў памеры 10%. Але ў 2025 годзе ўлады маюць намер увесьці фіксаваны памер гэтай дапамогі (які канкрэтна — гэта павінен вызначыць урад).

Як зьменяцца памеры штрафаў

Штраф за праезд у гарадзкім транспарце без квітка з 2025 году будзе складаць ад 21 да 42 рублёў (цяпер — ад 20 да 40 рублёў), у прыгарадным транспарце — 29,4 рубля (цяпер — 28 рублёў), у міжгароднім — 42 рублі (цяпер — 40 рублёў).

За парушэньне спакою грамадзян у жылым доме або шум у пэрыяд з 23.00 да 07.00 могуць пакараць сумай ад 80 да 400 рублёў (з 2025 году — ад 82 да 420 рублёў). Але ў некаторых выпадках штраф даходзіць і да 30 базавых, або да 1200 рублёў (з 2025-га будзе 1260 рублёў), калі «пашумець» паўторна на працягу году.

За кіраваньне аўтамабілем без тэхагляду пры першым парушэньні на працягу году штраф з 1 студзеня 2025 году складзе ад 42 да 126 рублёў (цяпер — ад 40 да 120 рублёў), пры паўторным — ад 82 да 210 рублёў (цяпер — ад 80 да 200 рублёў) .

Штрафы за перавышэньне хуткасьці таксама вырастуць з наступнага году. Напрыклад, калі ехаць на хуткасьці, вышэйшай за дазволеную ад 10 да 20 км/г., то пакараюць на 42 рублі (цяпер — 40 рублёў).

Распіцьцё алькаголю ці піва ў грамадзкіх месцах у 2025 годзе можа абысьціся ў суму да 336 рублёў (цяпер — да 320 рублёў).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG