Расейская карпарацыя «Газпром» раніцай 16 лістапада спыніла пастаўкі газу аўстрыйскаму энэргетычнаму прадпрыемству OMV, паведаміў канцлер Аўстрыі Карл Нэхамэр.
Пры гэтым аўстрыйскі канцлер дадаў, што «падземнае сховішча газу ў краіне запоўненае» і што ў Аўстрыі ёсьць «надзейныя пастаўкі» альтэрнатыўнага паліва і што «ніхто не замерзьне».
Падставай для спыненьня паставак расейскага газу стаў бізнэс-канфлікт вакол спыненых паставак у 2022 годзе. Напярэдадні Нэхамэр заявіў, што Аўстрыя «ня дасьць сябе шантажаваць».
Раней у OMV аўстрыйскім энэргетычным прадпрыемстве таксама казалі, што гатовыя да спыненьня імпарту расейскага газу і здольныя замяніць яго на пастаўкі з Італіі, Нямеччыны і Нідэрляндаў, а таксама ад іншых пастаўшчыкоў.
- Аўстрыя атрымлівала расейскі газ па газаправодзе «Паўночны паток». У 2022 годзе, на фоне пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, у пастаўках газу сталі ўзьнікаць перабоі. Расейская кампанія тлумачыла гэта тэхнічнымі цяжкасьцямі, краіны Захаду заяўлялі, што Масква спрабавала іх шантажаваць.
- Аўстрыйская энэргетычная кампанія OMV падала пазоў супраць «Газпрома» на разгляд Міжнароднай гандлёвай палаты і выйграла больш за 243 мільёны эўра ў якасьці кампэнсацыі шкоды. Гэтыя грошы OMV вырашыла адняць з аплаты дзейнага кантракту, тлумачыць DW.
- У чэрвені 2024 году пра скасаваньне доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўкі газу з «Газпром Экспарт» паведаміў найбуйнейшы газавы імпартэр Нямеччыны Uniper. Стакгольмскі арбітраж прызнаў права Uniper разарваць кантракт і запатрабаваць ад «Газпрома» больш за 13 млрд эўра ў якасьці кампэнсацыі за недапастаўлены газ зь сярэдзіны 2022 году.
- Аўстрыя была найбуйнейшым імпартэрам расейскага газу ў ЭЗ пасьля таго, як ад яго адмовіліся іншыя краіны Эўразьвязу. Спыненьне паставак было чаканым, бо газ ішоў па трубаправодзе праз Украіну, а Кіеў адмовіўся працягваць транзытны кантракт з Расеяй. Паліва з Расеі ў Эўразьвязе ўсё яшчэ атрымліваюць Вугоршчына і Славакія.
Форум