Міжнародныя назіральнікі: выбары азмрочаныя няроўнымі ўмовамі і ціскам
«Парлямэнцкія выбары ў Грузіі былі азмрочаныя ўкаранёнай палярызацыяй і занепакоенасьцю з нагоды нядаўна прынятага заканадаўства і яго ўплыву на асноўныя свабоды і грамадзянскую супольнасьць, а таксама вельмі раз’яднальнай перадвыбарнай рыторыкай і шырока распаўсюджанымі паведамленьнямі пра ціск на выбарнікаў», — заявілі міжнародныя назіральнікі.
Сумесная назіральная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), Парлямэнцкай асамблеі NATO і Эўрапарлямэнту, сярод іншага, адзначыла паглыбленьне палітычных рознагалосьсяў, значны дысбалянс фінансавых рэсурсаў і шматлікія перавагі, якія атрымала кіроўная партыя Грузіі, што садзейнічала «і без таго няроўнаму становішчу спраў».
Напярэдадні выбараў шматлікія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці паведамлялі пра стыгматызуючае узьдзеяньне закону аб «іншаземных агентах», пра выпадкі нападаў і запалохваньня, што паўплывала на іх здольнасьць выконваць сваю працу, адзначаюць назіральнікі.
Назіральнікі ў цэлым палічылі прававую базу ў Грузіі адэкватнай для правядзеньня дэмакратычных выбараў, але адзначылі, што некаторыя папярэднія пазітыўныя зьмены былі скасаваныя нядаўнімі папраўкамі, і некалькі даўніх рэкамэндацыяў засталіся нявыкананымі.
«Гэтыя выбары былі адзначаныя высокай палярызацыяй палітычнага і мэдыйнага ляндшафту, мовай нянавісьці ў дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці і антаганізмам у адносінах да пасады прэзыдэнта», — сказаў Юльян Булай, кіраўнік дэлегацыі ПАРЭ. «Улічваючы выпадкі подкупу галасоў, шырока распаўсюджаную атмасфэру ціску і арганізаванае партыямі запалохваньне да і падчас выбараў, асабліва на вёсцы, пытаньні аб бесстароннасьці дзяржаўных інстытутаў, мы выказваем нашу занепакоенасьць наконт умоваў выбараў, у прыватнасьці няроўных умоваў, якія падрываюць давер да іх вынікаў».
Нягледзячы на канстытуцыйнае абавязацельства забясьпечваць гендэрную роўнасьць, папраўкі ў закон у выглядзе адмены гендэрных квотаў, унесеныя сёлета, падарвалі гэтую мэту і прывялі да значнага скарачэньня колькасьці жанчын у партыйных сьпісах. У той жа час жанчыны-палітыкі ў Грузіі працягваюць сутыкацца са стэрэатыпамі, якія глыбока ўкараніліся, і нават гвалтам.
«Хоць мы вітаем у цэлым мірныя выбары, скарачэньне колькасьці жанчын-кандыдатаў з прычыны адмены гендэрных квотаў зьяўляецца няўдачай для гендэрнай разнастайнасьці, асабліва з улікам таго, што актыўны ўдзел жанчын на выбарчых участках падкрэсьлівае іх важную ролю і патрабуе большага прадстаўніцтва», — сказала Пія Каума, кіраўніца дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Са станоўчых момантаў назіральнікі адзначаюць, што выбарнікі мелі шырокі выбар паміж 18 сьпісамі кандыдатаў, і кандыдаты маглі ў цэлым свабодна праводзіць агітацыю. Паводле назіральнікаў, дзень выбараў у цэлым быў добра арганізаваны з пункту гледжаньня працэдур і парадку.
Разам з тым становішча ў дзень выбараў, паводле назіральнікаў, было напружанае: таямніца галасаваньня часта парушалася, і паступалі паведамленьні пра прымус да галасаваньня, запалохваньні і ціск на выбарнікаў, асабліва на работнікаў дзяржаўнага сэктару і іншыя групы.
«Гэтыя выбары сталі яшчэ адным крытычным выпрабаваньнем для дэмакратыі Грузіі, і іх наступствы стануць яшчэ адным», — сказаў Фаік Озтрак, кіраўнік дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі NATO.
«Мы працягваем выказваць глыбокую занепакоенасьць наконт адступленьня ад дэмакратыі ў Грузіі. Правядзеньне ўчорашніх выбараў, на жаль, зьяўляецца таму пацьвярджэньнем», — сказаў Антоніё Лопэс-Істурыс Уайт, кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту.
Маніторынг грузінскіх СМІ, праведзены назіральнай місіяй, паказаў відавочную палітычную перадузятасьць усіх СМІ, моцна палярызаваных і залежных ад фінансаваньня з боку палітычных дзеячаў. Хоць асьвятленьне кандыдатаў грамадзкім вяшчальнікам было ў асноўным пазітыўным ці нэўтральным па тоне, ён надаў значна больш часу кіроўнай партыі, чым іншым партыям. Бясьпека журналістаў у Грузіі застаецца сур’ёзнай праблемай пасьля сэрыі нядаўніх нападаў, запалохваньняў і ціску, адзначаюць назіральнікі.
«Глыбокая палярызацыя ў краіне, неапраўданы ціск на выбарнікаў і грамадзянскую супольнасьць, а таксама напружанасьць, якую мы ўбачылі ў дзень выбараў, паказваюць, што яшчэ шмат чаго трэба зрабіць», — сказаў Эаган Мэрфі, кіраўнік місіі па назіраньні за выбарамі БДІПЧ.
Міжнародная місія па назіраньні за выбарамі на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі налічвала 529 назіральнікаў з 42 краін, у тым ліку 380 экспэртаў, накіраваных БДІПЧ, доўгатэрміновых і кароткатэрміновых назіральнікаў, 60 парлямэнтароў і супрацоўнікаў Парлямэнцкай асаблеі АБСЭ, 39 — з ПАРЭ, 38 — з Парлямэнцкай асамблеі NATO і 12 — з Эўрапейскага парлямэнту.
ENEMO: выбары прайшлі ў палярызаванай і абмежавальнай абстаноўцы
Кіраўнік назіральніцкай місіі ENEMO («Эўрапейская сетка арганізацый па назіраньні за выбарамі») Златка Вуйвовіч заявіў, што парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі ў «палярызаванай і абмежавальнай абстаноўцы, што падрывае інклюзіўнасьць, празрыстасьць і справядлівасьць».
Ён адзначыў сур’ёзныя парушэньні, у тым ліку гвалт у дачыненьні да прадстаўнікоў апазыцыі, запалохваньне выбарнікаў, кампаніі па дыскрэдытацыі назіральнікаў і шырока распаўсюджанае злоўжываньне адміністрацыйнымі рэсурсамі. У цэлым, паводле яго, выбарчая адміністрацыя правяла працэс прафэсійна і эфэктыўна, але 88 прадстаўнікоў ENEMO, якія назіралі за выбарамі ў Грузіі, выказалі занепакоенасьць наконт незалежнасьці і бесстароннасьці ЦВК.
Паводле кіраўніка назіральніцкай місіі ENEMO, парлямэнцкія выбары ў Грузіі прайшлі ў вельмі палярызаваным палітычным кантэксьце, узмоцненым рознагалосьсямі наконт заканадаўства — асабліва ў сувязі з прыняцьцем так званага закона аб «іншаземных агентах», які прывёў да масавых пратэстаў супраць ураду.
«Асацыяцыі маладых юрыстаў Грузіі» заяўляе пра значныя парушэньні на выбарах
Дзень галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі прайшоў на фоне значных парушэньняў, у асноўным, у нераўнапраўным, гвалтоўным і напружаным асяродзьдзі, гаворыцца ў заяве «Асацыяцыі маладых юрыстаў Грузіі», сябры якой прысутнічалі на выбарчых участках. Так, місія назіральнікаў асацыяцыі зафіксавала перашкоды дзейнасьці назіральнікаў з боку сяброў выбарчых камісіяў, пагрозы ім, абразы і факты выправаджэньня з участкаў. Таксама, паводле місіі, на выбарчых участках былі спробы перашкодзіць уліку выбарнікаў, спробы перашкодзіць дзейнасьці журналістаў, факты неналежнага выкананьня сябрамі камісій сваіх функцыяў і інш.
На большасьці выбарчых участкаў, дзе прысутнічалі назіральнікі місіі, відэакамэры, усталяваныя «Грузінскай марай», у шэрагу выпадкаў былі накіраваныя на сталы рэгістратараў і апараты вэрыфікацыі, у шэрагу — на кабіны для галасаваньня і асноўную выбарчую скрыню. Пры гэтым якасьць бюлетэняў не забясьпечвала, каб на іх адваротным баку ня быў бачны сьлед ад пазначанай графы, адзначаюць назіральнікі.
Назіральнікі няўрадавай арганізацыі ISFED напісалі падалі каля 200 скаргаў на парушэньні
Старшыня няўрадавай арганізацыі «Справядлівыя выбары» (ISFED) Ніно Далідзэ паведаміла журналістам, што працэс падліку вынікаў галасаваньня прайшоў без істотных парушэньняў і памылак, аднак «свабода волевыяўленьня выбарнікаў не праявілася з прычыны маштабных спробаў запалохваньня і подкупу».
«Факты, выяўленыя ў дзень выбараў, мелі значны ўплыў на іх вынікі. У працэсе галасаваньня было заўважана мноства праблемных інцыдэнтаў і парушэньняў», — сказала Далідзе.
Назіральнікі ISFED напісалі падалі каля 200 скаргаў на парушэньні, зафіксаваныя на выбарчых участках, у прыватнасьці — незабесьпячэньне таямніцы галасаваньня на 9% выбарчых участкаў, масавы ўкід бюлетэняў у скрыні для галасаваньня на некалькіх выбарчых участках і факты шматразовага галасаваньня, меркаваныя факты подкупу выбарнікаў мелі месца па вонкавым пэрымэтры на 13% выбарчых участкаў і інш.
Акрамя таго, у дзень выбараў назіральнікам даводзілася працаваць ва ўмовах запалохваньня, абмежаваньня іх правоў, пагрозаў гвалту на шматлікіх участках, таксама былі выпадкі, калі назіральнікі станавіліся аб’ектамі фізычнага і слоўнага гвалту, адзначае Далідзе.
У «Справядлівых выбарах» лічаць, што гэтыя парушэньні паўплывалі на вынікі выбараў.
- У Грузіі на парлямэнцкіх выбарах пасьля падліку зьвестак з 3109 участкаў (99,936% ад агульнай колькасьці) перамагае кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара» — яна набрала 53,93% галасоў.
- Паводле папярэдніх вынікаў, толькі чатыры апазыцыйныя партыі пераадолелі бар’ер у 5% галасоў, каб атрымаць месцы ў парлямэнце: «Кааліцыя за перамены» — 11,03%, «Адзінства — Нацыянальны рух» — 10,161%, «Моцная Грузія» — 8,814%, «Гахарыя за Грузію» — 7,771%.
- Апазыцыйныя партыі «Кааліцыя за перамены», «Адзінства — Нацыянальны рух» і «Моцная Грузія» адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў. У партыі Гахарыя «За Грузію» заявілі, што парушэньні ў дзень выбараў паўплывалі на афіцыйныя зьвесткі, але пакуль не аб’яўлялі аб непрызнаньні вынікаў. Пра непрызнаньне вынікаў выбараў заявілі і аўтарытэтныя няўрадавыя арганізацыі, якія назіралі за выбарамі.
- Першае паседжаньне парлямэнта Грузіі пройдзе ў звычайным рэжыме і ўрад будзе зацьверджаны, нягледзячы на адмову апазыцыі прызнаваць вынікі галасаваньня, заявіў прэм'ер-міністар краіны Іраклій Кабахідзэ. Камэнтуючы заявы апанэнтаў аб «скрадзеных выбарах», Кабахідзэ заявіў, што ў іх проста «не хапіла годнасьці зьмірыцца з чарговай паразай».
- Атрымаўшы большасьць месцаў у новым парлямэнце, «Грузінская мара» цяпер зможа выбраць новага прэзыдэнта. Выбары пройдуць цягам 45 дзён пасьля першага пасяджэньня новаабранага парлямэнту. Кіраўніка дзяржавы ўпершыню будуць выбіраць не грамадзяне, а члены выбарчай калегіі — дэпутаты парлямэнту, вышэйшых прадстаўнічых органаў Абхазскай і Аджарскай аўтаномных рэспублік, а таксама члены прадстаўнічых органаў мясцовага самакіраваньня. Пры гэтым адхіліць ад пасады дзейную прэзыдэнтку Саламэ Зурабішвілі праз працэдуру імпічмэнту «Грузінская мара» ня зможа, бо для гэтага патрэбна 100 галасоў у парлямэнце.
- Парлямэнцкія выбары ў Грузіі суправаджаліся фальсыфікацыямі, сутычкамі і нападамі на журналістаў. «Грузінская мара» пачала сьвяткаваць сваю перамогу загадзя, да будынка адміністрацыі ўраду былі сьцягнутыя сілавікі.
Форум