Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Касьпійскае мора стала полем бою


Касьпійск, Дагестан. Архіўнае фота
Касьпійск, Дагестан. Архіўнае фота

Расейскія вайсковыя сілы на Касьпійскім моры і вакол яго, імаверна, абстрэльваюць Украіну.

Гэта наносіць пакуль не падлічаную шкоду навакольнаму асяродзьдзю і прыводзіць да вялікіх разбурэньняў і ахвяр у месцах абстрэлаў, пішуць карэспандэнты Свабоды Сяргей Дабрынін, Андрэй Бяседзін і Рэй Фурлонг.

Украінскія ўлады паведамілі, што ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе расейскія ракеты запускаліся з Касьпійскага мора, і з таго часу гэта працягваецца да сёньня.

Жыхары прыбярэжных раёнаў Касьпійскага мора таксама паведамлялі пра запускі ракет, і сёлета нават зьявілася адно відэа, якое, падобна, паказвае запуск ракеты «Калібр».

Запуск расейскай ракеты па Сырыі. Архіўнае фота 2015 году
Запуск расейскай ракеты па Сырыі. Архіўнае фота 2015 году

Некаторыя мясцовыя жыхары лічаць, што вайсковая актыўнасьць прыводзіць да забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. А журналісты выказалі здагадку, што запуск ракет можа быць зьвязаны з масавай гібельлю касьпійскіх цюленяў.

Расея не пацьвердзіла, што выкарыстоўвае Касьпійскае мора для нападаў на Ўкраіну, але раней яна гэтага ня ўтойвала. У кастрычніку 2015 году афіцыйныя СМІ цытавалі тагачаснага міністра абароны Сяргея Шайгу, які заяўляў, што Касьпійская флятылія нанесла ўдары па Сырыі з дапамогай ракет «Калібр». Падобная заява прагучала і ў наступным годзе.

Здымак зь відэазапісу, зьмешчанага на афіцыйным сайце Мінабароны Расеі 20 лістапада 2015 году, на якім. імаверна, паказаны расейскі вайсковы карабель, які запускае крылатыя ракеты ў Касьпійскім моры
Здымак зь відэазапісу, зьмешчанага на афіцыйным сайце Мінабароны Расеі 20 лістапада 2015 году, на якім. імаверна, паказаны расейскі вайсковы карабель, які запускае крылатыя ракеты ў Касьпійскім моры

Паведамляецца, што з 2022 году атакі ў асноўным ажыцьцяўляюцца з дапамогай бамбавікоў, якія лятаюць над Касьпіем і выпускаюць крылатыя ракеты X-55.

Магчыма, Касьпійская флятылія таксама запускала ракеты «Калібр», але ўкраінскія ўзброеныя сілы сьцьвярджаюць, што дакладных доказаў няма.

Відэа, апублікаванае мясцовымі рыбакамі ў чэрвені 2024-га, паказвае дзьве ракеты, якія ляцяць на малой вышыні. Хваставая частка паводзіць сябе хутчэй як у ракеты «Калібр», чым у крылатай ракеты паветранага базаваньня.

Аднак мясцовыя жыхары даўно занепакоеныя экалягічным узьдзеяньнем Касьпійскай флятыліі Расеі, яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня. Масква ўжо будавала новую базу для флёту ў Касьпійску (Дагестан), а ў чэрвені 2020 году там прайшоў парад караблёў.

Караблі Касьпійскай флятыліі Расеі на вучэньнях, красавік 2021
Караблі Касьпійскай флятыліі Расеі на вучэньнях, красавік 2021

Мясцовы жыхар расказаў Радыё Свабода, што гэтае штогадовае мерапрыемства пакідае мора пакрытым нафтай, а на беразе зьяўляецца мёртвая рыба.

«Прыкладна 30 гадоў таму мора было поўным жыцьця. Цяпер гэта ня так. Улетку я плаваў да караблёў і бачыў, што там адбываецца. Касьпійская флятылія — адна з прычын», — сказаў ён.

Імя мужчыны не раскрываецца, паколькі Радыё Свабода прызнаная ў Расеі «непажаданай арганізацыяй» і гэта можа прывесьці яго да зьняволеньня.

Мясцовая жанчына, якая таксама застаецца ананімнай, сказала, што пераехала ў Касьпійск са сталіцы рэгіёну, Махачкалы, дзевяць гадоў таму, спадзеючыся, што вада будзе больш чыстай.

Яна сьцьвярджае, што сытуацыя за гэты час моцна зьмянілася, і апісвае наступствы штогадовых парадаў флёту.

«Караблі не стаяць у порце, а знаходзяцца на якары ля берага. Яны спальваюць паліва дзень і ноч, рухавікі пастаянна шумяць, і, вядома, усе выкіды трапляюць у мора», — сказала яна.

«Потым караблі пачынаюць страляць. Атмасфэра становіцца невыноснай. Пах гару пранікае нават праз зачыненыя вокны... дыхаць немагчыма».

Флёт таксама праводзіць вучэньні кожны верасень, і сёлета на іх было задзейнічана больш за 30 караблёў.

Вучэньні праводзяцца далей у моры, але крыніцы Радыё Свабода паведамляюць, што на беразе зьяўляюцца паліўныя адклады і мёртвая рыба.

Расейскі карабель у Касьпійскім моры
Расейскі карабель у Касьпійскім моры

Журналісты зьвязваюць як вучэньні, так і баявую актыўнасьць з забруджваньнем і, магчыма, масавай гібельлю цюленяў.

І ракеты «Калібр», і ракеты X-55 выкарыстоўваюць таксычнае ракетнае паліва, якое можа трапіць у мора.

Аднак незалежных навуковых дадзеных аб узьдзеяньні ваеннай дзейнасьці Расеі на навакольнае асяродзьдзе Касьпію няма.

Запуск расейскай ракеты з Касьпію па Сырыі. 2015
Запуск расейскай ракеты з Касьпію па Сырыі. 2015

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG