Амэрыканскі палітычны аглядальнік Пол Гобл на сайце Jamestown Foundation тлумачыць, чаму паміж Азэрбайджанам і Армэніяй можа пачацца новая вайна.
Дзьве, здавалася б, не зьвязаныя паміж сабой падзеі непакояць урадоўцаў на Паўднёвым Каўказе, у Расеі і на Захадзе. З аднаго боку, нарастае напружанасьць паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол адкрыцьця транзытнага калідору паміж Азэрбайджанам і яго несумежнай Нахічаванскай аўтаноміяй.
А зь іншага боку, расейцы ўсё больш занепакоеныя тым, што дамінаваньне Масквы на Касьпійскім моры ставіцца пад сумнеў. Гэтаму дамінаваньню кідае выклік узмацненьне вайскова-марскіх флётаў іншых прыкасьпійскіх дзяржаваў.
Тое, што Іран не ратыфікаваў канвэнцыю аб дэлімітацыі 2018 году, юрыдычна пакідае адкрытай магчымасьць таго, што іншыя дзяржавы — у прыватнасьці Турэччына — могуць вывесьці ў мора свае вайсковыя сілы. Такое разьвіцьцё падзеяў магло б кардынальна зьмяніць вайсковы балянс у рэгіёне, а таксама зрабіць больш імавернай новую вайну, чые вынікі будзе складана прадказаць.
Нядаўні абмен дэклярацыямі паміж Баку і Ерэванам наконт так званага Зангезурскага сухаземнага калідора паміж уласна Азэрбайджанам і Нахічаванскім эксклявам праз паўднёвую Армэнію прывёў некаторых расейскіх аналітыкаў да высновы, што можа адбыцца новы выбух ваенных дзеяньняў паміж дзьвюма краінамі Паўднёвага Каўказу.
Сытуацыя, у якой Расея апынулася на Касьпіі, прымусіла іншых экспэртаў выказаць здагадку, што ў разе такога канфлікту Масква, магчыма, ня зможа разьлічваць на тое, што доўгі час было яе козырам у рэгіёне. Гэта можа адкрыць шлях да прынцыповага пераразьмеркаваньня фактараў сілы на Паўднёвым Каўказе.
Азэрбайджан заўсёды хацеў мець наземны калідор паміж сваёй асноўнай тэрыторыяй і Нахічаваньню, разглядаючы падзел, зроблены Сталіным, ня толькі як абразу сваёй нацыянальнай годнасьці, але і як абмежаваньне на кантакты краіны з Турэччынай.
Гэты калідор быў і ёсьць нагэтулькі важным для Баку, што ў мінулым некаторыя нават гаварылі пра абмен тэрыторыямі паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, калі Баку адмаўляецца ад Карабаху, а Ерэван — ухваляе калідор.
Гэтая ідэя была выказаная аўтарам цяперашняга артыкулу Полам Гоблам у 1992 годзе. Яна знайшла пэўную падтрымку ў Азэрбайджане і Турэччыне, але супраць яе выступаюць Армэнія, Расея і Іран, а таксама Захад, які ў цэлым супраць любых тэрытарыяльных зьменаў.
Аднак, атрымаўшы перамогу ў вайне 2020 году, Баку лічыць, што ня трэба ні ад чаго адмаўляцца, каб адкрыць калідор для падарожжаў паміж уласна Азэрбайджанам і яго эксклявам. Калі ў выніку Ерэван страціць дэ-факта кантроль над гэтай тэрыторыяй, гэта пакіне Армэнію бяз доступу да Ірану і яна сутыкнецца з аб’яднаным азэрбайджана-турэцкім фронтам на поўдні і ўсходзе.
Цяпер прэзыдэнт Ільхам Аліеў заявіў, што «гатовы ўжыць сілу супраць Армэніі, калі яна ня выканае сваіх дамоўленасьцяў, і запатрабаваць ад Ерэвану вызначыць дакладную дату адкрыцьця Зангезурскага калідору». Калі Армэнія зробіць гэта, заявіў ён, дык усё будзе добра і мір захаваецца. Калі ж не, Баку будзе вымушаны выкарыстоўваць іншыя сродкі для адкрыцьця калідору. Гэтая пагроза можа прывесьці да вайны.
Канвэнцыя 2018 году, якая падзяляе Касьпій паміж пяцьцю прыбярэжнымі дзяржавамі і забараняе прысутнасьць на моры любых вайскова-марскіх караблёў пад замежным сьцягам, дагэтуль не ўступіла ў сілу. Нягледзячы на ціск з боку Масквы, Іран яшчэ не ратыфікаваў гэтае пагадненьне, і таму іншыя некасьпійскія краіны, у тым ліку Турэччына, па-ранейшаму могуць свабодна разьмяшчаць на Касьпіі свае караблі.
Такім чынам, Азэрбайджан можа вырашыць пачаць ваенныя дзеяньні ў Зангезурскім калідоры ў найбліжэйшай пэрспэктыве і пакінуць Расеі значна менш варыянтаў адказу. Усё гэта робіць новыя баявыя дзеяньні на Паўднёвым Каўказе больш імавернымі, чым маглі думаць тыя, хто цешыўся ранейшымі пасьляваеннымі дэклярацыямі.