У чым сэнс такіх розыгрышаў — пра гэта ён расказаў у праграме «ПіК Свабоды».
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
- Гэта цэлы праект, каб спраўдзіць узровень фашызацыі грамадзтва ў Расеі. Гэта ўжо другая акцыя праекту, і будзе працяг. Мы карыстаемся як базай эсэ італьянскага філёзафа Ўмбэрта Эка, які вывеў у сваёй працы 14 прыкметаў фашызму. І па кожнай я хачу зладзіць акцыю ў расейскай школе, а можа і ня толькі ў школе, а можа і ня толькі ў расейскай.
- Нельга казаць, што настаўнікі — гэта нейкая асаблівая кляса. Гэтая акцыя, па сутнасьці, паказвае большасьць грамадзтва. І я думаю, што іх гэта ня змусіць аб нечым задумацца, яны будуць бачыць ворага ў першую чаргу ўва мне як у чалавеку, які парушыў нейкія этычныя нормы і выкрыў абсурд гэтай прапаганды.
- Маё галоўнае пасланьне — да актыўнай меншасьці адэкватных людзей. Я хачу патлумачыць на прыкладзе асабістага досьведу па рэвалюцыі ў Беларусі, што няма сэнсу чакаць, што дзесьці большасьць прачнецца. Большасьць ніколі не вырашала рэвалюцыйных пытаньняў. Гэта ўсё заўжды рабіла актыўная меншасьць. І людзі павінны разумець, што ім нельга чакаць большасьці, бо маса не зьяўляецца суб’ектнай.
- Падчас беларускай рэвалюцыі так склаліся абставіны, што Лукашэнка на кароткім гістарычным адрэзку зрабіў шмат памылак, і таму гэтая інэртная маса пайшла на бок рэвалюцыі. Але дзе яны цяпер? Яны зноў у той дрыгве, у якой былі раней. Тое самае наогул у кожным грамадзтве.
- Большасьць маіх акцый да мінулага году была ўсё ж такі ў Беларусі. Але трэба аддаць належнае беларускай сыстэме, што яна даволі хутка на мяне зрэагавала, і цяпер яны ўсе свае такія мерапрыемствы ладзяць непасрэдна праз упраўленьні адукацыі. Некалькі разоў у мяне атрымалася абысьці гэтую сыстэму, але трэба было зьмяніць падыход і папрацаваць. Усё ж такі Беларусь — гэта невялікая дзяржава, вельмі цэнтралізаваная, дзе сыстэма хутка на гэта рэагуе. У Расеі цэнтралізацыя лепш працуе, напрыклад, у сфэры фінансаў, зьнешняй палітыкі, прапаганды, вайсковай справы, але ня ў сфэры адукацыі.
- Я па-ранейшаму лічу, што Лукашэнка дагэтуль трымаецца ва ўладзе, таму што мы яму дазволілі, таму што зрабілі з рэвалюцыі фэстываль, таму што паверылі людзям, якія казалі нам пачакаць нейкага трыгера, якія нам казалі пра нейкія перамовы з фашысцкай дыктатурай, якія сказалі нам, што можна дачакацца нейкага часу, калі мы поўнасьцю бясьпечна зробім нашу рэвалюцыю. Не, людзі павінны разумець, што калі мы хочам волі, то за гэта трэба заплаціць.
- Як чалавек левых поглядаў я заўжды зьвяртаў увагу на працоўных людзей. Але я зразумеў, што яны нічым не адрозьніваюцца ад бюджэтнікаў. Калі чалавек бедны, то для яго галоўнае — забясьпечыць сябе ежай. Калі мы паглядзім на сацыяльны склад беларускай рэвалюцыі, то ў асноўным гэта была тая самая, па беларускіх мерках, сярэдняя кляса. Людзі, якія ўжо змаглі забясьпечыць свае базавыя патрабаваньні і хацелі нейкай павагі да сябе — перастаць быць тым самым «народцам», стаць народам, «людзьмі звацца».
- Трэба максымальна дэцэнтралізаваць дзяржаву. Калі ў Беларусі быў ковід, Лукашэнка папросту сказаў, што праблемы няма. І тады пачалася самаарганізацыя, нізавая. Так пачынае працаваць дэмакратыя, чалавек пачынае разумець, што калі ня ты, то хто? Калі мы будзем захоўваць цэнтралізаваную дзяржаву, то дэмакратыі ніколі ня будзе.
- Я зразумеў, што пры такім грамадзтве любая ўлада, якая прыйдзе, якой бы яна дэмакратычнай сябе ні падавала, стане такой жа аўтарытарнай. Таму што ёй народ дасьць на гэта права... Той чалавек, які гатовы ўзяць адказнасьць на сябе, ён можа задацца ў адзін момант пытаньнем: а для чаго, калі я бяру ўсю адказнасьць на сябе, мне пытацца ў іх? І так і фармуецца аўтакратычная ўлада.
- Калі я працаваў у школе, мне падабалася даць магчымасьць «андэрдогам» сярод дзяцей паверыць у сябе. Бо многія лічаць сваімі галоўнымі дасягненьнямі нейкія алімпіяды, калі яны падрыхтавалі разумных дзяцей да конкурсаў, дзе дзеці занялі нейкае месца. Але гэтыя дзеці і так максымальна матываваныя. Галоўнае для настаўніка — іх не загубіць, не паламаць, не зрабіць для іх дысцыпліну ненавіснай. А маё галоўнае дасягненьне — у тым, што калі былі вучні, якія вучыліся на тройку, чацьвёрку, я выкарыстоўваў гэтую ацэначную сыстэму, каб даць ім паверыць. Я ім даваў творчыя заданьні, у першую чаргу на мысьленьне, і ставіў «дзясяткі». І да мяне падыходзіў зьдзіўлены чалавек і пытаўся, ці сапраўды ён атрымаў 10. Ну так, ты папрацаваў, ты праявіў сваю творчасьць, ты абгрунтаваў сваю думку, згодзен я зь ёю ці не. Для мяне галоўнае, што чалавек пачынае мысьліць. І чалавек пасьля гэтага пачынаў верыць у сябе, пачынаў вучыць гэтую дысцыпліну, бо яму далі веру ў тое, што ён нешта можа. Так, відаць было, што ім цяжка можа гэта давацца, але гэта была для іх добрая матывацыя, што нехта паверыў у іх.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум