Генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Андрэй Рыбакоў зазначыў, што прадпрыемства працягне дамагацца адмены заходніх санкцый. Пра гэта ён заявіў у этэры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1».
«Будзем у любым выпадку пра сябе нагадваць і тыя неправамерныя дзеяньні, якія былі накіраваныя супраць „Беларуськалію“, супраць нашай краіны», — сказаў ён.
Гэта быў адказ Рыбакова на пытаньне журналіста, ці будзе прадпрыемства, нягледзячы на адхілены пазоў у Эўрапейскім судзе, далей настойваць на скасаваньні санкцый супраць сябе.
«Мы так проста спакойна жыць не дамо», — дадаў гендырэктар «Беларуськалію».
Андрэй Рыбакоў узначаліў «Беларуськалій» па ўказаньні Аляксандра Лукашэнкі 4 лістапада. Да гэтага шмат гадоў стратэгічным для беларускай эканомікі прадпрыемствам кіраваў Іван Галаваты.
Прызначаючы новага дырэктара «Беларуськалію», Лукашэнка прапанаваў яму правесьці перамовы з вытворцамі калійных угнаеньняў, каб зьнізіць здабычу калію.
У верасьні сёлета Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пакінуў без задавальненьня патрабаваньне «Беларуськалію» скасаваць уведзеныя ў дачыненьні яго ў 2022 годзе Радай Эўрапейскага зьвязу абмежавальныя меры.
- Эўразьвяз і ЗША ў 2021 годзе ўвялі забарону на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, а Літва скасавала кантракт на іх перавозку па сваёй тэрыторыі з 1 лютага 2022 году.
- У чэрвені 2022 году Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі.
- Раней «Беларуськалій» спрабаваў судзіцца зь Літвой за адмову транспартаваць калійныя ўгнаеньні і выстаўляў рахунак на мільярд эўра, але суд Літвы адхіліў скаргу беларускага прадпрыемства.
- Аспрэчыць санкцыі ЭЗ у судзе спрабавалі «Гродна Азот», «Беларускі мэталюргічны завод», ААТ «Мастоўдрэў», «Хімвалакно», МАЗ, БЕЛАЗ, «Дана Астра», Тэрмінал сыпкіх грузаў у Клайпедзе (часткова належыць «Беларуськалію») і інш. Усе гэтыя выпадкі скончыліся безвынікова, санкцыі засталіся ў сіле.
Форум