У прэсавым рэлізе Міністэрства сказана, што ён «кіраваў сеткай саўдзельнікаў-злачынцаў», якія плянавалі забойствы на замову Ірану. Сярод мэтаў быў Дональд Трамп. Мінюст ЗША сьцьвярджае, што Шакеры даручылі сплянаваць забойства Трамп 7 кастрычніка 2024 года, іншыя дэталі не раскрываюцца.
Ведамства паведамляе, што іранскаму агенту 51 год. Ён прыехаў у ЗША ў дзяцінстве і правёў 14 год у турме за рабаваньне. У 2008 годзе Шакеры дэпартавалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Іране.
Акрамя Шакеры, абвінавачаньні прад’явілі двум яго памагатым: 49-гадоваму Карлайлу Рывэру і 36-гадоваму Джонату Лоадхольту. Іх арыштавалі. Паводле вэрсіі Мінюсту ЗША, памагатыя Шакеры сачылі за амэрыканцам іранскага паходжаньня. За сачэньне ім абяцалі сто тысяч даляраў. У прэсавым рэлізе чалавек, за якім сачылі Рывэра і Лоадхольт, названы «крытыкам іранскага рэжыму».
Акрамя гэтага, Шакеры прапаноўвалі наладзіць сачэньне за двума грамадзянамі ЗША габрэйскага паходжаньня ў Нью-Ёрку і за ізраільскімі турыстамі на Шры-Ланцы, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі былі ўчыненыя два замахі на жыцьцё кандыдата ў прэзыдэнты, экс-прэзыдэнта Дональда Трампа. Першы быў учынены ў Пэнсыльваніі 13 ліпеня, у выніку ў Трампа было параненае вуха. Другі замах адбыўся ва Флорыдзе 15 верасьня, Трамп не пацярпеў.
Форум