Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне загінуў генэрал-маёр расейскай арміі, якога раней абвінавачвалі ў арганізацыі катаваньняў у Данецку


Ва Ўкраіне загінуў генэрал-маёр расейскай арміі Павел Кліменка, які камандаваў 5-й асобнай мотастралковай брыгадай імя Аляксандра Захарчанкі.

Першымі пра гэта паведамілі расейскія праваенныя паблікі і блогеры. Выданьню «Важные истории» ўдалося вызначыць асобы ягоных сёстраў, якія пракамэнтавалі ягоную сьмерць у сацыяльных сетках.

Сястра генэрала Кацярына Кліменка пацьвердзіла інфармацыю аб яго гібелі выданьню Astra.

Павел Кліменка да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну служыў у анэксаваным Крыме. У траўні 2024 году ён атрымаў званьне генэрал-маёра.

У жніўні 2024 году Astra апублікавала расьсьледаваньне пра вайскоўцаў 5-й брыгады, якой камандаваў Кліменка. Яны, як сьцьвярджаецца, арганізавалі катоўню ў Пятроўскай шахце на заходняй ускраіне Данецка для сваіх жа вайскоўцаў. У Пятроўскай шахце, як высьветлілі журналісты, расейскіх вайскоўцаў катавалі за адмову ісьці на сьмяротныя штурмы, а таксама вымагалі ў іх грошы.

«Туды вайскоўцаў прывозяць зь мяшкамі на галаве. Ня кормяць. Хочаш у прыбіральню схадзіць, табе даюць кулёчак і хадзі [у яго]. Калі мяне закрывалі, нас падвешвалі ланцугамі за рукі і за ногі да столі», — распавядаў выданьню былы вайсковец 5-й брыгады. Паводле яго, камандзіры мачыліся на падначаленых, перад тым як зьбіць, а забіць чалавека ў Данецку было «ў парадку рэчаў».

Некаторыя праваеныя блогеры раней крытыкавалі Паўла Кліменку за высокія страты. Сьцьвярджалася, што ў ягоным падразьдзяленьні маглі адправіць у тыл за хабар. У камэнтарах да паведамленьня пра сьмерць Кліменкі ў групе «УКантакце» пад назвай «Донбасс-сердце России!» былі дзясяткі паведамленьняў, як мяркуецца, сваякоў загінулых расейскіх вайскоўцаў, якія крытыкавалі генэрала. Цяпер гэты запіс выдалены.

Кліменка стаў восьмым расейскім генэралам, які загінуў на вайне ва Ўкраіне, чыя сьмерць была пацьверджаная сваякамі, незалежнымі дасьледчыкамі або журналістамі. Адзін з загінулых, генэрал-маёр Канамат Баташоў, знаходзіўся ў адстаўцы і, як мяркуецца, ваяваў у складзе ПВК «Вагнэр».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG