Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багацьце Ілана Маска павялічылася на 26,5 мільярда даляраў пасьля перамогі Трампа на выбарах у ЗША


Ілан Маск на перадвыбарчым мітынгу Дональда Трампа
Ілан Маск на перадвыбарчым мітынгу Дональда Трампа

Багацьце заснавальніка кампаніі Tesla Ілана Маска, найбагацейшага ў сьвеце чалавека, вырасла на 26,5 мільярда даляраў 6 лістапада, пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША Дональда Трампа.

На другім месцы сярод бізнэсоўцаў, чыё багацьце павялічылася пасьля выбараў, — сузаснавальнік карпарацыі Oracle Лары Элісан. Ягонае багацьце пабольшала амаль на 10 мільярдаў даляраў.

У першай дзясятцы таксама апынуліся заснавальнік Amazon Джэф Бэзас, кошт актываў якога вырас за дзень на сем мільярдаў даляраў, і сузаснавальнік Google Лары Пэйдж з прыростам пяць з паловай мільярдаў.

Агулам кошт актываў дзесяці найбагацейшых людзей у сьвеце вырас на 63,5 мільярда даляраў.

Большую частку гэтага прыросту мільярдэры атрымалі дзякуючы росту курсаў акцыяў у ЗША. Індэкс S&P 500 па выніках таргоў 6 лістапада падняўся на 2,5%, што стала найвышэйшым у гісторыі ўздымам біржавых курсаў пасьля выбараў, адзначае Bloomberg.

Акцыі Tesla ў Нью-Ёрку па выніках таргоў 7 лістапада вырасьлі на 15%, павялічыўшы прырост за апошні год да 32%.

Ілан Маск удзельнічаў у выбарчай кампаніі Дональда Трампа і ахвяраваў на кампанію Рэспубліканскай партыі больш за 130 мільёнаў даляраў. У сваю чаргу Трамп, у выпадку сваёй перамогі, абяцаў Маску афіцыйную пасаду ва ўрадзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG