Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японца і двух украінцаў, якіх у Беларусі абвінавачваюць у шпіянажы, прызналі палітвязьнямі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

31 кастрычніка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек. Сярод іх — грамадзянін Японіі Масатосі Наканісі і грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павал Кабарчукі, якіх у Беларусі абвінавачваюць у шпіянажы, паведамляе «Вясна».

Затрыманага ў Беларусі японца Масатосі Наканісі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу).

Пасьля паказу на тэлебачаньні сюжэту прапагандысцкіх СМІ пра арыштаванага японца афіцыйны Токіё праз амбасаду заявіў пратэст у сувязі з арыштам і абвінавачаньнямі на адрас свайго грамадзяніна. Муж сястры затрыманага, які, паводле вэрсіі беларускіх уладаў, даваў японцу ўказаньні, назваў сюжэт беларускага дзяржаўнага тэлеканала «суцэльнай хлусьнёй». Цяпер Масатосі Наканісі ў СІЗА КДБ Беларусі.

Бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў затрымалі ў лютым 2024 году ў Лельчыцкім раёне. Паводле сюжэту дзяржаўнага тэлеканалу, пры іх нібыта знайшлі выбуховыя прыстасаваньні, якія прызначаліся «для ўчыненьня тэрактаў перш за ўсё на тэрыторыі Расеі і Беларусі». КДБ сьцьвярджае, што іх рэйд у Беларусь арганізавала СБУ.

23 кастрычніка Кабарчукоў асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму кожнага, а таксама прызначылі кожнаму па 28 тысяч беларускіх рублёў штрафу. Іх прызналі вінаватымі ў агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 КК), падрыхтоўцы да акту тэрарызму (ч.1 арт.13, ч. 3 арт. 289 КК), незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў у складзе арганізаванай групы (ч. 3 арт. 333-1, ч. 4 арт. 295 КК).

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў, у месцах зьняволеньня ў Беларусі цяпер знаходзяцца сама меней 12 грамадзян Украіны, якіх абвінавачваюць у «агентурнай дзейнасьці», «шпіянажы» і па іншых палітычна матываваных крымінальных артыкулах.
  • Агулам, паводле праваабаронцаў, сама меней 59 замежных грамадзян фігуруюць у палітычных крымінальных справах у Беларусі, зь іх 30 прызнаныя палітвязьнямі.
  • Пад палітычны крымінальны перасьлед у Беларусі ў апошнія гады трапілі грамадзяне Расеі, Швайцарыі, Польшчы, Украіны, Літвы, Нямеччыны, Латвіі, Швэцыі, Узбэкістану і Казахстану. Іх у Беларусі судзілі паводле артыкулаў «паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (арт. 368), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342), «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4), «распальваньне варожасьці» (арт. 130), «хуліганства» (арт. 339), «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці» (арт. 341), «незаконны збор і распаўсюд зьвестак аб прыватным жыцьці» (арт 179), а таксама паводле артыкулаў «агентурная дзейнасьць» (арт. 358-1 КК) і «шпіянаж» (арт. 358).
  • Па стане на 31 кастрычніка ў Беларусі сама меней 1301 палітвязень, прызнаны праваабарончай супольнасьцю. Колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць значна большай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG