Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці чыноўнікі забараняюць установам сьвяткаваць Гэлаўін


Гэлаўін, ілюстрацыйнае фота
Гэлаўін, ілюстрацыйнае фота

Ва ўстановы грамадзкага харчаваньня прыйшлі з праверкамі. Але адзначаць забараняюць, выглядае, не паўсюль.

Берасьцейцы, якія працуюць у сфэры грамадзкага харчаваньня, прызналіся, што ўлады ціснуць на арганізацыі, фактычна забараняючы адзначаць нефармальнае сьвята Гэлаўін. Высьветлілася, напярэдадні ў гастранамічныя ўстановы прыйшлі з праверкамі, піша BGmedia.

«Ніякіх згадак сьвята, жахаў і тэматычных гарбузоў. „Мэдузе“ на Савецкай прыгразілі закрыцьцём за грандыёзную вечарынку, давялося скасаваць», — заявілі берасьцейцы, дадаючы, што не дазваляюць нават рабіць адпаведнае вонкавае афармленьне ўстаноў.

Гэтыя зьвесткі пацьвердзіла яшчэ адна супрацоўніца пункту грамадзкага харчаваньня. Паводле яе, нейкія людзі прыходзілі ва ўстанову і сказалі прыбраць гарбузы і не ўпрыгожваць памяшканьне.

«Самае цікавае, што я літаральна днямі была ў краме адзеньня і там усё было ўпрыгожана да Гэлаўіну. Магчыма, забарона закранула толькі пункты грамадзкага харчаваньня — хадзілі з праверкамі, і я ведаю, што па шапцы давалі за звычайныя гарбузы. Праўда, у некаторых кавярнях яны да гэтага часу стаяць на тэрасах».

Пры гэтым некаторыя ўстановы ў Берасьці ўжо правялі вечарынку да Гэлаўіну або пакуль яшчэ анансуюць яе ў сваіх сацыяльных сетках.

Яшчэ ў кастрычніку 2022 году праўладная актывістка з Горадні Вольга Бондарава дамаглася скасаваньня вечарынкі з нагоды Гэлаўіну ў гарадзкім моладзевым цэнтры, назваўшы яе «сатанінскім шабасам».

А ўжо ў сьнежні таго году чыноўнікі забаранілі сьвяткаваньне Гэлаўіну ў дзіцячых садках, школах і каледжах пасьля зваротаў праўладных актывістаў у Савет Міністраў Беларусі. Асобная дырэктыва аб забароне адзначаць такое сьвята была, як вядома, у Жлобінскім раёне.

Таксама ўлады краіны забаранялі сьвяткаваць Дзень сьвятога Валянціна, які адзначаецца штогод 14 лютага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG