У Беларусі заблякавалі музычны партал tuzinfm.by, паведаміў 28 кастрычніка ў Фэйсбуку кіраўнік Беларускай рады культуры і адзін з заснавальнікаў парталу Сяргей Будкін. Сайт працаваў больш за 20 гадоў.
«Сытуацыя такая — на загад Міністэрства інфармацыі Беларусі заблякаваны сайт праекту з 21-гадовай гісторыяй „Тузін Гітоў“ (Tuzinfm.by) з каштоўным архівам за 2003-2020 гг.
У прыватнасьці, заблякаваная праца асобных старонак, якія прысьвечаныя праектам НЕрасстраляныя, „Перазагрузка“, „Апошні золак“, Засьпявай BY, Тэлебудка, Тузін.Немаўля, „Re:Песьняры“, „100 найвялікшых беларускіх песень“, праекты, прысьвечаныя памяці Анатоля Сыса, Сержука Вітушкі, Міхала Анемпадыстава ды іншыя», — паведаміў Сяргей Будкін.
Будкін адзначыў, што беларускія ўлады ўжо раней спрабавалі спыніць працу музычнага парталу TuzinFM. Так, 9 гадоў таму ён атрымаў папярэджаньне за подпісам тагачаснай міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч, што доступ да рэсурсу могуць абмежаваць нібыта «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам». Якую менавіта «непраўдзівую» інфармацыю выявілі на сайце, не паведамлялася.
«Што не дарабіла Ананіч, дарабіў Маркаў (Марат Маркаў — цяперашні міністар інфармацыі Беларусі — рэд.)», — канстатаваў Будкін.
Кіраўнік Беларускай рады культуры адзначыў, што цяпер беларускія чыноўнікі «нават не парупіліся даслаць паперку» ўласьнікам парталу з папярэджаньнем і тлумачэньнем прычынаў блякаваньня.
Паводле Будкіна, у каманды захаваўся архіў сайту.
Нядаўна ў Беларусі таксама перастаў адчыняцца сайт Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў Bellit.info, прысьвечаны беларускай літаратуры.
- TuzinFM — прыватны некамэрцыйны партал, створаны, каб прасоўваць і папулярызаваць беларускую (найперш беларускамоўную) музыку.
- Музычны партал «Тузін гітоў» (першапачатковая назва) зьявіўся ў байнэце 12 кастрычніка 2003 году. Праект стварылі тры чалавекі: Сяргей Будкін, Вецер Мэханічны і Аляксей Мінчонак. Агулам жа за ўвесь час праз «Тузін» прайшлі дзясяткі чалавек. У пэўны час «Тузін гітоў» стаў адным з самых наведвальных і папулярных музычных рэсурсаў у Беларусі. За месяц сайт наведвалі дзясяткі тысяч чалавек.
- Пачаўшыся як гіт-парад, пазьней сайт стаў зьмяшчаць музычныя навіны, рэцэнзіі, меркаваньні экспэртаў; дадаліся архівы, музычная бібліятэка зь песьнямі, відэа. А зь цягам часу вялікая колькасьць праектаў пачала адбывацца па-за межамі парталу. «Тузін» спрыяў зьяўленьню музычных складанак і офлайн-праектаў накшталт «Песьні свабоды», «Апошні золак», «Re:Песьняры», «Перазагрузка», «Засьпявай», «Тузін.Немаўля», «Нерасстраляныя» і многіх іншых. Некалі браў удзел у арганізацыі музычных фэстываляў «Рок па вакацыях», Bela Music, прэміі «Рок-каранацыя», зладзіў вялікую колькасьць імпрэзаў, сярод якіх сэрыі акустычных канцэртаў «Тузін.Unplugged» і «Жывы Тузін».
Форум