Дзень у гісторыі
1721 — Расея аб’яўленая імпэрыяй, Пётар І стаў імпэратарам.
1941 — створаная Беларуская народная самапомач — дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, матэрыяльна дапамагала людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад з сваім, незалежным ад немцаў войскам.
1947 — Індыя і Пакістан пачалі вайну за Кашмір.
1962 — прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі заявіў, што СССР пабудаваў ракетную базу на Кубе, і ўвёў марскую блякаду востраву.
1975 — у Менску заснавалі піўзавод «Крыніца».
1988 — у Вільні пачаўся ўстаноўчы зьезд Літоўскага руху за перабудову («Саюдзіс»).
У гэты дзень нарадзіліся
1811 — Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар і піяніст.
1844 — Сара Бэрнар, француская актрыса.
1870 — Іван Бунін, расейскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі ў літаратуры. Род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў XV стагодзьдзі трапіў у маскоўскі палон і застаўся ў Расеі. Там той род атрымаў мянушку Буніных. Сам Іван Бунін, аўтар твораў, што сталі сусьветнай клясыкаю — «Сухадол», «Антонаўкі», «Цёмныя прысады» ды аўтабіяграфічнага раману «Жыцьцё Арсеньнева», — памёр на эміграцыі ў 1953 годзе.
1919 — Раіса Жук-Грышкевіч, актыўная дзяячка беларускай эміграцыі ў Канадзе, арганізатарка дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі ў другой палове 1990-х. Жонка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Вінцэнта Жук-Грышкевіча.
1922 — Леў Яшын, савецкі футбаліст.
1933 — Ігар Дабралюбаў, беларускі рэжысэр і сцэнарыст. Аўтар фільмаў «Па сакрэце ўсяму сьвету», «Расклад на пасьлязаўтра», «Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы» ды іншых.
У памяці
1668 — Міхал Леан Абуховіч, дыплямат, мэмуарыст, аўтар Дыярыюшаў.
1856 — Рамуальд Падбярэскі, выдавец, літаратуразнаўца, публіцыст, палітвысланец.
1883 — Майн Рыд, ірляндзкі і амэрыканскі пісьменьнік.
1937 — Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік, расстраляны НКВД. Найбольш вядомыя ягоныя аповесьці — «Ні госьць, ні гаспадар» і «Нядоля Заблоцкіх». Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман «Пустадомкі». Арыштавалі пісьменьніка ў 1933-м, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.
1937 — Фларыян Ждановіч, заснавальнік беларускага прафэсійнага тэатру, расстраляны НКВД.
2010 — Павал Лойка, беларускі гісторык.
2018 — Фёдар Клімчук, дыялектоляг, дасьледчык Палесься. Ён працаваў у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Клімчук — аўтар больш чым 200 працаў у галіне дыялекталёгіі, лінгвагеаграфіі, лексыкаграфіі, славістыкі, фальклёру, этнагенэзу, сацыялінгвістыкі, тапаніміі. Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескую гаворку сваёй вёскі.
2021 — Юры Станкевіч, пісьменьнік.