Падзеі 21 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дзень у гісторыі
1596 — утвораная Берасьцейская унія.
1805 — брытанскі флёт пад камандаваньнем віцэ-адмірала Гарацыё Нэльсана здабыў перамогу над аб’яднанымі флётамі Францыі і Гішпаніі ў бітве пад Трафальгарам. У бітве загінуў сам Нэльсан, але перамога дала брытанцам абсалютнае панаваньне на моры на наступныя 100 гадоў.
1917 — выйшаў у сьвет першы нумар газэты «Беларуская Крыніца» — органа Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Выдавалася пераважна ў Вільні да 12 ліпеня 1940 году.
1926 — у Менску адкрыўся Габрэйскі тэатар.
1935 — нацысцкая Нямеччына афіцыйна выйшла са складу Лігі Нацыяў.
1943 — было ліквідаванае Менскае габрэйскае гета, якое існавала ад 20 ліпеня 1941 году. З больш як 100 тысяч яго насельнікаў каля 80 тысяч былі за гэты час забітыя.
1944 — адбылася першая атака японскіх камікадзэ на аўстралійскі крэйсэр каля ўзьбярэжжа Філіпінскіх астравоў.
1945 — жанчыны ў Францыі ўпершыню пайшлі галасаваць.
1950 — Кітай акупаваў Тыбэт.
1995 — падпісаньнем мірнага пагадненьня ў амэрыканскім горадзе Дэйтане завяршылася вайна ў Босьніі і Герцагавіне.
У гэты дзень нарадзіліся
1833 — Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік і інжынэр, вынаходнік дынаміту, фундатар Нобэлеўскай прэміі.
1877 — Якаў Афанасьеў, беларускі навуковец-землязнаўца, акадэмік. Пад яго кіраўніцтвам складзеная першая мапа зямель Беларусі. Разам зь ім 20 сьнежня 1937 у Менску расстралялі больш за 200 беларускіх навукоўцаў.
1878 — Уладзімер Пічэта, беларускі гісторык, першы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Вывучаў гісторыю Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Чэхіі, Сэрбіі, Баўгарыі, Расеі XVI–XX стагодзьдзяў. Апублікаваў каля 150 працаў па гісторыі, гістарыяграфіі, археалёгіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі.
1914 — Казімер Сьвёнтак, кардынал, мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
1929 — Урсула Ле Гуін, амэрыканская пісьменьніца.
1935 — Юрка Геніюш, беларускі аўтар і доктар, сын Ларысы і Янкі Геніюшаў.
1938 — Іосіф Навумчык, грамадзкі і палітычны дзяяч, старшыня ТБМ у Віцебску.
1957 — Анатоль Кляшчук, фотамастак.
1958 — Максім Клімковіч, беларускі пісьменьнік і драматург.
У памяці
1805 — Гарацыё Нэльсан, брытанскі адмірал.
1931 — Артур Шніцлер, аўстрыйскі пісьменьнік.
1938 — Целясьцін Бурстын, матэматык, філёзаф, акадэмік АН БССР, памёр у Менску ў турэмнай лякарні.
1969 — Джэк Керуак, амэрыканскі пісьменьнік.
1984 — Франсуа Труфо, францускі кінарэжысэр.