Малдаўскія і замежныя назіральнікі папярэджвалі пра спробу Расеі ўмяшацца ў выбарчы працэс рознымі спосабамі — ад дэзынфармацыі да куплі галасоў і арганізацыя правакацый.
Праэўрапейская прэзыдэнтка краіны Мая Санду лічыцца фаварыткай на выбарах. Ёй супрацьстаяць 10 іншых кандыдатаў, сярод якіх вылучаецца прарасейскі кандыдат Аляксандар Стаяноглу, якога падтрымала Cацыялістычная партыя, і кандыдат-папуліст, былы мэр гораду Бельцы Рэната Усаты.
На рэфэрэндуме, які прапанавала Санду, жыхары Малдовы будуць адказваць на пытаньне, ці падтрымліваюць яны папраўку ў Канстытуцыю краіны, якая паставіць мэтай далучэньне Малдовы да Эўразьвязу.
Прэзыдэнт у Малдове мае абмежаваныя паўнамоцтвы, але Санду з дапамога лібэральнай партыі «Дзеяньне і салідарнасьць», якая яе падтрымлівае, здолела правесьці шэраг рэформаў. Яе самы амбітны праект — пазбаўленьне залежнасьці ад расейскага газу пасьля маштабнага уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Аднак гэта стала адным з фактараў інфляцыі і эканамічных праблемаў для краіны.
Паводле апошніх апытаньняў за Санду былі гатовыя галасаваць 30-35 працэнтаў выбарнікаў, за былога генэральнага пракурора Стаяноглу, якога Санду звольніла летась, — 9 працэнтаў, а за былога мэра Усаты — 6 працэнтаў.
Калі ніводны з кандыдатаў не атрымае ў першым туры больш за 50 працэнтаў галасоў, 3 лістапада мае адбыцца другі тур выбараў.
За некалькі дзён да галасаваньня ўлады Малдовы паведамілі пра арышт чатырох чалавек і папярэдзілі, што ў Расеі і на Балканах дзясяткі іншых рыхтуюць да «дэстабілізацыі» краіны пасьля галасаваньня. Расея, чые войскі застаюцца на тэрыторыі малдоўскага сэпаратысцкага рэгіёну Прыднястроўе, адмаўляе сваё ўмяшаньне ў цяперашнія выбары.
Афіцыйныя вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму чакаюцца раніцай 21 кастрычніка.
Форум