Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Францыі ў Кіеве: Парыж падтрымлівае «плян перамогі» Ўкраіны


Андрэй Сібіга (злева) і Жан-Ноэль Баро ў Кіеве, ля Сьцяны памяці загінулых украінскіх салдат. 19 кастрычніка 2024 году
Андрэй Сібіга (злева) і Жан-Ноэль Баро ў Кіеве, ля Сьцяны памяці загінулых украінскіх салдат. 19 кастрычніка 2024 году

Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро падчас візыту ў Кіеў падтрымаў «плян перамогі» Ўладзіміра Зяленскага і ініцыятыву па запрашэньні Ўкраіны ў NATO, а таксама паабяцаў, што першыя зьнішчальнікі Mirage паставяць ва Ўкраіну ў пачатку 2025 году.

Парыж адкрыты для ідэі неадкладнага запрашэньня Ўкраіны ў NATO, але перамовы з саюзьнікамі па гэтым пытаньні будуць працягнутыя, заявіў падчас візыту ў Кіеў кіраўнік МЗС Францыі Жан-Ноэль Баро.

19 кастрычніка ў Кіеве прайшлі перамовы Баро зь міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам.

Украінская служба Радыё Свабода са спасылкай на сумесную прэс-канфэрэнцыю Баро і Сібігі прыводзіць словы францускага дыплямата аб тым, што Францыя падтрымлівае «плян перамогі» Ўкраіны ў вайне з Расеяй і што Парыж гатовы працягваць дапамагаць Кіеву. «Францыя падтрымлівае ўкраінскі плян ня толькі ў ваеннай сфэры, але і гатова надаваць падтрымку ў грамадзянскай і эканамічнай галінах», — гаворыцца ў публікацыі.

Адначасова прыводзіцца выказваньне Баро аб тым, што «Францыя падтрымае Ўкраіну, калі яна вырашыць пачаць перамовы аб міры».

Таксама Баро запэўніў, што Францыя паставіць Кіеву першую партыю ўдарных самалётаў Mirage 2000 ў першым квартале 2025 году, а таксама правядзе навучаньне ўкраінскіх пілётаў і мэханікаў кіраваньню і абслугоўваньню зьнішчальнікаў.

На 20 кастрычніка прызначаная паездка францускага міністра на ўсход Украіны, дзе Парыж паабяцаў фінансавую дапамогу двум новым цэнтрам па абароне дзяцей, якія пацярпелі ад вайны, адзначае Reuters.

  • 16 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на пасяджэньні Вярхоўнай Рады прадставіў пункты прапанаванага ім «пляну перамогі» Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Ён складаецца зь пяці публічных пунктаў і некалькіх засакрэчаных дадаткаў.
  • Паводле Зяленскага, першым пунктам зьяўляецца запрашэньне Ўкраіны ў NATO. Наступныя чатыры пункты пляну: абарона, стрымліваньне, эканоміка і бясьпека. Яны прадугледжваюць працяг і ўзмацненьне вайсковай дапамогі партнэраў, дазвол наносіць удары па вайсковых аб’ектах Расеі, атрыманьне дадатковых сродкаў супрацьпаветранай абароны, разьмяшчэньне зброі стрымліваньня на тэрыторыі Ўкраіны і эканамічны патэнцыял. На думку Зяленскага, выкананьне гэтага пляну дазволіць завяршыць вайну да канца 2025 году.
  • 17 кастрычніка Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі прадставіў свой «плян перамогі» лідэрам краін ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG