Гэта пашырае раскол у грамадзтве ў цяжкі час вайны.
Немагчыма было знайсьці больш прыкметных месцаў: канцэрт у сталіцы самай папулярнай рок-групы краіны, элітны курорт і вясельле на выходных у цэнтры Львова. На гэтых імпрэзах, сярод многіх іншых па ўсёй Украіне ў апошнія дні, зьяўляліся рэкрутэры ТЦК, якія шукалі людзей, што не зарэгістраваліся на службу ў войска ў адпаведнасьці зь вельмі супярэчлівым законам аб ваеннай мабілізацыі, які быў прыняты вясной мінулага году, піша карэспандэнт Свабоды Стыў Гатэрман.
У некаторых выпадках вынік быў драматычным. На кадрах, зьнятых каля кіеўскага Палацу спорту, дзе праходзіў канцэрт «Акіяна Эльзы» 11 кастрычніка, відаць, як супрацоўнікі цягнуць чалавека ў цывільным па тратуары, які крычыць на знак пратэсту, а гледачы скандуюць «Ганьба!»
Гэта быў яркі прыклад сутыкненьня двух сьветаў ва Ўкраіне, дзе сьмяротныя бітвы працягваюцца ўздоўж 1200-кілямэтровай лініі фронту, калі поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ідзе да сваёй трэцяй гадавіны і амаль не відаць канца, і дзе жыцьцё — нават начное — працягваецца, нягледзячы на ракетныя і бесьпілётныя атакі, удары па гарадах і мястэчках па ўсёй краіне.
«Палова краіны плача, а палова краіны скача», — сказаў Украінскай службе Радыё Свабода Аляксей Гарань, прафэсар паліталёгіі і кіраўнік дасьледаваньняў кіеўскага фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», выкарыстоўваючы гэтую фразу, каб падкрэсьліць падзел паміж салдатамі на фронце і мірнымі жыхарамі, якія жывуць параўнальна бесклапотным жыцьцём у ваенны час.
У сваіх экзыстэнцыяльных намаганьнях адбіцца ад націску Масквы Ўкраіна сутыкаецца са шматлікімі праблемамі.
Вуглядар, ключавы горад на Данбасе, здалі, калі расейскія сілы працягнулі наступ з дапамогай перавагі ў паветры. Расейскія атакі на энэргетычную інфраструктуру могуць зрабіць зіму асабліва цяжкай. І будучыня найважнейшай падтрымкі Захаду, калі гаворка ідзе пра зброю, фінансавую дапамогу і дыпляматычную падтрымку, азмрочаная надыходзячымі выбарамі ў ЗША і рознагалосьсямі сярод сяброў ЭЗ.
Гульня сьмяротных лічбаў
Але рэйды ТЦК паказваюць на праблему, якая «дасягнула неймаверных памераў», сказаў кіеўскі палітолаг Аляксей Кошаль: вострая патрэба ў большай колькасьці салдат на перадавой. Гэта праблема, якую павінен вырашыць Кіеў і наступствы якой адбіваюцца далёка ад поля бою, пагаршаючы раскол у грамадзтве тады, калі апошняе, што патрэбна Ўкраіне, гэта разьяднанасьць. Жывая сіла таксама зьяўляецца праблемай для Расеі, паколькі армія Масквы дасягае «даволі сьціплых поспехаў пры велізарных выдатках людзей і тэхнікі», сказала Рут Даерманд, старшая выкладчыца катэдры ваенных дасьледаваньняў Каралеўскага каледжа Лёндана.
Але «ў выпадку Ўкраіны гэта больш відавочна».
«Людзей на фронце бракуе, гэта абсалютны факт», — заявіў Радыё Свабода ўкраінскі вайсковы аналітык Паўло Нарожны.
«Некамплект кадраў ёсьць абсалютна ва ўсіх падразьдзяленьнях». Для ілюстрацыі ён апісаў сцэнар на перадавой:
«У нас ёсьць назіральны або абарончы пункт, на якім павінны дзяжурыць 30 чалавек, а на самой справе іх можа быць пяць-сем... І 30-40 расейцаў атакуюць, а гэтыя пяць-сем мусяць стрымліваць атаку 30-40. Таму што людзей не хапае. Людзей проста няма».
Украінская армія «ніколі ня зможа выйграць у такога суперніка, як Расея, са значна большым насельніцтвам і кіраўніцтвам, якое гатова заплаціць вельмі высокую крывавую цану за свае ваенныя мэты», сказаў у камэнтары праз электронную пошту Сайман Шлегель, старшы аналітык па Ўкраіне Крызіснай групы.
Гэта не выклікала трывогі ў першы год поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, якое пачалося ў лютым 2022-га. Спачатку «добраахвотнікі выстройваліся ў доўгія чэргі каля цэнтраў рэкрутынгу і часта прыносілі ўласнае абсталяваньне і арганізоўвалі ўласную падрыхтоўку», — сказаў Шлегель. Аднак у 2023 годзе «шматлюдны паток валянтэраў высах». Закон аб мабілізацыі зьяўляецца часткай сэрыі сёлетніх намаганьняў у павелічэньні колькасьці вайскоўцаў. Сярод іншага, ён патрабаваў ад мужчын ва ўзросце ад 25 да 60 гадоў абнаўляць свае пэрсанальныя зьвесткі ў вайсковых цэнтрах вэрбаваньня, або цывільных адміністрацыйных установах, або ў дзяржаўнай аплікацыі Reserve+.
«Гэта прывяло да значна лепшага ўяўленьня аб тым, на якую рэзэрву Кіеў можа разьлічваць. Гэтая рэзэрва, магчыма, каля 3,7 мільёна прызыўнікоў, значна большая, чым 200 тысяч салдатаў, якіх Кіеў спадзяецца мабілізаваць сёлета», — сказаў Шлегель. «І прыток, здаецца, значна вырас за лета».
Дзікая мабілізацыя
Але ёсьць шмат праблем, пачынаючы ад перашкод для эфэктыўнага навучаньня (многія салдаты, якія маюць кваліфікацыю для таго, каб навучаць новых, загінулі або ваююць на фронце) да карупцыі, якая дазваляе людзям ухіляцца ад службы праз хабары і іншыя махінацыі. Ёсьць і фактары, якія стрымліваюць службу, у тым ліку тое, што закон аб мабілізацыі не вызначае правілаў дэмабілізацыі або ратацыі. Патэнцыйныя навабранцы занепакоеныя тым, што, як і зьнясіленыя салдаты, якія змагаюцца на фронце практычна безь перадышкі з 2022 ці 2023 году, могуць ніколі ня выйсці адтуль жывымі.
Усё больш і больш здараецца выпадкаў дэзэртырства: 15 кастрычніка рэсурс «Українська правда», спасылаючыся на Генпракуратуру, паведаміў, што ў студзені—верасьні гэтага году было зарэгістравана амаль 18 300 выпадкаў дэзэртырства, што ў чатыры разы больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году.
Таксама значна павялічылася колькасьць выпадкаў гвалтоўнай мабілізацыі. Гвалтоўныя спробы прыцягнуць мужчын у войска або выклікаць іх для пастаноўкі на ўлік, якія часам называюць «дзікай мабілізацыяй», адбываліся задоўга да прыняцьця новага закону. Зь першай поўнай зімы ўсеагульнай вайны ў інтэрнэце даволі часта зьяўляліся відэазапісы, якія паказваюць, як супрацоўнікі ТЦК раздаюць паведамленьні аб прызыве агрэсіўнымі, хітрымі, часам гвалтоўнымі спосабамі.
Разам з абвастрэньнем кадравай праблемы ва Ўкраіне абвастрылася і грамадзкая дыскусія. У апытаньні, праведзеным кіеўскім Цэнтрам Разумкова ў канцы чэрвеня, амаль палова рэспандэнтаў — 46 адсоткаў — заявілі, што ім «ня сорамна ўхіляцца ад вайсковай службы», а 29 адсоткаў сказалі, што яны так і робяць. Рэйд падчас канцэрту адбыўся ў адчувальны для Ўкраіны час, калі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі імкнуўся прадставіць украінцам і замежным прыхільнікам Кіева «плян перамогі», які запатрабуе ўзмоцненай падтрымкі Захаду і запрашэньня Ўкраіны да сяброўства ў NATO да заканчэньня вайны.
Кадры бойкі паміж супрацоўнікамі ТЦК і цывільнымі асобамі сталі віруснымі і выклікалі бурную рэакцыю з абодвух бакоў наконт вайсковай службы і мэтадаў, якія выкарыстоўваюцца для павелічэньня колькасьці жывой сілы на фронце. Некаторыя рэакцыі на іх сярод украінцаў:
- «Яны забіраюць усіх без разбору, — сказаў Радыё Свабода мужчына з Чарнігава на поўначы краіны. — А куды яны іх адпраўляюць — на сьмерць? Я лічу, што гэта няправільна».
- Яшчэ адзін жыхар Чарнігава не пагадзіўся. «Я лічу, што гэта абавязак кожнага чалавека», — сказаў ён.
- «Я служу з 2015 году, ваяваў на дзьвюх войнах. Таму я лічу, што гэта абавязак кожнага ўкраінскага мужчыны».
- «З аднаго боку, здаецца, што нам трэба папаўняць армію і дапамагаць ім. З другога боку, мне не падабаецца, як яны гэта робяць», — сказала адна жанчына.
«Мы хочам танчыць, пакуль вы ваююеце»
Мэтады мабілізацыі, якія прымяняюць супрацоўнікі ТЦК (а яны ў некаторых выпадках зьяўляюцца параненымі вэтэранамі баявых дзеяньняў) і супрацьдзеяньне ім цывільных ствараюць «грымучую сумесь», заявіў дэпутат парлямэнту Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка ў інтэрвію Current Time.
«Яны страцілі і сваіх баявых братоў, і здароўе, і вось яны на вуліцах вялікага горада, дзе кіпіць жыцьцё, дзе ёсьць рэстараны, клюбы, канцэрты».
«Гэта няправільна, сыстэма [прызыўных пунктаў] мусіць быць цалкам цывільнай», — сказаў Ганчарэнка.
«І ўсё гэта стварае напружаньне ва ўкраінскім грамадзтве, вядома».
У Facebook вайскоўка Леся Ганжа выказала здагадку, што крыкі «Ганьба!», адрасаваныя супрацоўнікам ТЦК і паліцыі каля канцэртнай залі, былі прыкметамі «грамадзтва, якое блытае сорам з гонарам» і выяўляюць раскол паміж вайскоўцамі і звычайнымі грамадзянамі з аднаго боку і прывілеяванай, паблажлівай элітай з другога.
«Гэта для мяне гучыць як паведамленьне „Вы няўдачнікі, а мы не. Мы хочам танцаваць, пакуль вы змагаецеся, і мы лічым, што гэта нармальна“. Адкрытае нахабства, якое выдаюць за правы чалавека», — напісала яна.
Супрацьстаяньні накшталт таго, што адбылося перад канцэртам «Акіяна Эльзы», таксама адкрываюць акно для расейскай прапаганды, лічыць Цэнтар супрацьдзеяньня дэзынфармацыі, які падтрымліваецца дзяржавай. У ім гаворыцца, што расейскія СМІ і пракрамлёўскія блогеры выкарыстоўвалі гэтую падзею, каб распаўсюдзіць наратывы аб тым, што мабілізацыя ва Ўкраіне несправядлівая і што ўрад «хоча ваяваць да апошняга ўкраінца».
Але праблема кадраў засланяе любую пагрозу з боку расейскай прапаганды, мяркуюць аналітыкі. Калі дынаміка мабілізацыі ня зьменіцца, пэрспэктывы сумныя, сказаў Нарожны Радыё Свабода: «Катастрофа» малаверагодная, але «мы ўвесь час будзем адступаць у тых раёнах, дзе праціўнік наступае».
«Так, яны павольна прасоўваюцца; так, яны адольваюць некалькі дзясяткаў мэтраў за дзень, але гэта ўсё роўна паўзучы наступ. Гэта як гангрэна, якая разьядае чалавека, а ў нашым выпадку, на жаль, разьядае нашу краіну», — сказаў ён.
«Калі ўсё ня зменіцца і гэтая нэгатыўная тэндэнцыя захаваецца, мы страцім сваю краіну і наш народ».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум